Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вало́чнік, ‑а, м.

Уст. Заможны селянін, які меў у сваім уладанні валоку зямлі.

вало́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Травяністая расліна сямейства складанакветных, якая расце звычайна ў азімых пасевах і цвіце сінімі кветкамі; васілёк. З густога лесу жыта.. вытыркалі ўперад сінія галоўкі цыбатае валошкі. Гартны.

вало́шкавы, ‑ая, ‑ае.

Сіні, колеру валошкі. Валошкавыя вочы.

валтарні́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Музыкант, які іграе на валторне.

валто́рна, ‑ы, ж.

Медны духавы музычны інструмент у выглядзе спіральна сагнутай трубы з шырокім раструбам.

[Ад ням. Waldhorn — паляўнічы рог.]

валту́зіцца, ‑тужуся, ‑тузішся, ‑тузіцца; незак.

Разм.

1. Рабіць хуткія, бязладныя, хаатычныя рухі, дурэючы або стараючыся вызваліцца з якога‑н. становішча. Вельмі забаўка было глядзець, як маленькія шэрыя трусяняткі валтузіліся ў клетцы, куляліся адзін цераз аднаго. Краўчанка. Узбягаю на ганак, бачу — валтузіцца нехта ў мяшку. Машара. // Змагацца доўга з пераменным поспехам. Шкірман ускаквае, хапае Касарэвіча загрудкі. Б’е кулаком.. Той дужы таксама — абодва падаюць на падлогу, валтузяцца. Навуменка.

2. Доўга займацца якой‑н. справай; важдацца, корпацца. Пакуль.. [Росцік] валтузіўся са скорасцямі, Якаў рыўком адкрыў яго кабіну і з-пад носа выхапіў ключы. Кулакоўскі. Валтузіцца са старой сеткай болей не было сэнсу. Новікаў.

валту́зіць, ‑тужу, ‑тузіш, ‑тузіць; незак., каго.

Разм.

1. Тармасіць, тузаць. Нехта схапіў.. [Засмужца], вывалак на бераг, валтузіў, каб вярнуць к жыццю. Мележ. // Тузаючы, штурхаючы, біць каго‑н. Накінуліся жаўнеры на дзеда Талаша і пачалі яго валтузіць, стараючыся паваліць старога. Колас.

2. перан. Бесперастанку турбаваць. — Хіба я ведаю, дзе той доктар? — развёў хлопец рукамі, і ў яго голасе было многа пратэсту: «Што вы маеце да мяне? І так мяне ўчора валтузілі, не давалі бацьку пахаваць!» Чорны.

валтузня́, ‑і, ж.

Разм.

1. Шумны бязладны рух. На двары суседняй будкі валтузня, крыкі каманды, ляскат зброі. Навуменка. Калі і хацеў ушыцца сюды хлопец, то нямала было валтузні і піску. Вітка.

2. Справа, якая патрабуе многа ўвагі, турботы. [Турцавіч:] — Зброю павезлі? — Павезці то павезлі, але колькі было валтузні, — расказваў Залескі. Гурскі.

валу́й, ‑я, м.

Жаўтавата-белага колеру з увагнутай шапкай грыб сямейства сыраежкавых.

валу́н, ‑а, м.

Вялікі камень — абломак горнай пароды. Рухаючыся з поўначы на поўдзень, вялікія масы лёду драбнілі цвёрдыя пароды, цягнулі іх з сабою і пакідалі на сваім шляху буйныя валуны, дробныя каменні... і пясок. В. Вольскі.