Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

індэтэрміні́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік індэтэрмінізму.

індэтэрміністы́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да індэтэрмінізму, уласцівы яму. Індэтэрміністычныя погляды.

і́ней, ‑ю, м.

Від атмасферных ападкаў: ледзяныя крышталікі, якія ўтвараюцца ў выніку ахаладжэння вадзяной пары ў ясныя і ціхія ночы і асядаюць тонкім слоем на глебе, дрэвах і інш.; параўн. шэрань. Днём яшчэ цёпла, а ночы — золкія.., і ранкамі на бульбоўніку, на траве белыя махры інею. Мележ. Пад раніцу ўжо браліся замаразкі, трава і лісце кустоў пакрываліся шараватым інеем. Паслядовіч.

ін’ектава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ін’ектаваць.

ін’ектава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., каго-што.

Спец. Падвергнуць (падвяргаць) ін’екцыі, зрабіць (рабіць) каму‑н. ін’екцыю.

ін’екцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для ін’екцыі, прызначаны для яе. Ін’екцыйныя іголкі.

ін’е́кцыя, ‑і, ж.

Увядзенне лякарства ў тканкі і поласці арганізма шляхам упырсквання. Ін’екцыя пеніцыліну. Ін’екцыя ў пухліну.

[Ад лац. injectio — укідванне.]

інерва́цыя, ‑і, ж.

Забяспечанасць якога‑н. органа або тканкі нервовымі клеткамі і валокнамі. Інервацыя сэрца.

[Ад лац. in — у і nervus — нерв.]

іне́ртнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць інертнага (у 2 знач.); бяздзейнасць, пасіўнасць, коснасць. Інертнасць старых звычак. □ Валахановіч пачаў стамляцца дома больш, чым на рабоце. А са стомай, як вядома, прыходзіць інертнасць. Карпаў.

2. Спец. Няздольнасць уступаць у хімічныя злучэнні. Інертнасць газаў. Інертнасць пяску.

іне́ртны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае інерцыю (у 1 знач.); інерцыйны. Інертная маса.

2. Бяздзейны, пасіўны, косны. Інертны чалавек. □ «А ўсё ж нейкія інертныя людзі тут! — уздыхнуў Васіль. — Маўчаць, нібы іх і не датычыць нічога». Шашкоў.

•••

Інертныя газы гл. газ.

Інертныя матэрыялы гл. матэрыял.