Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

іго́льнік, ‑а, м.

Падушачка або скрыначка для захоўвання швейных іголак; ігольніца.

іго́льніца, ‑ы; Р мн. ‑ніц; ж.

Тое, што і ігольнік.

іго́льчасты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты вялікай колькасцю іголак (у 3 знач.). Ігольчасты кактус.

іго́льчаты, ‑ая, ‑ае.

1. Падобны з выгляду да іголкі. Ігольчатыя лісточкі. Ігольчаты крышталь.

2. Забяспечаны іголкай, іголкамі. Ігольчатае ружжо. Ігольчаты цыліндр.

іго́льшчык, ‑а, м.

Майстар, які вырабляе іголкі.

іго́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да ігольшчык.

ігра́,

1. Выкананне музычнага твора на якім‑н. інструменце. Час ад часу .. [Майбарада] спыняў ігру і, не адрываючы гармоніка ад губ, падоўгу глядзеў у неба, дзе плылі белыя хмаркі. Шамякін.

2. Выкананне сцэнічнай ролі. Поспех, якім карыстаецца «Паўлінка» ў пастаноўцы купалаўцаў, абумоўлен майстэрскай ігрой артыстаў. Ярош. Так забаўляла ўсіх .. ігра [дзядка], што цяпер мала хто ўжо сачыў і за ходам дзеі, і за перажываннямі герояў. Краўчанка.

3. Тое, што і гульня (у 2 знач.). Спартыўныя ігры. Ігра ў шахматы. Ігра ў карты.

4. Хуткая змена, пералівы колераў, святла і пад. Ігра фарбаў. Ігра колераў. □ [Калгаснікі] стаялі і сачылі га дзіўнай ігрой хмар. Шамякін. Коцяцца воды ўдаль, Хваляў чаруе ігра. Лявонны. // Выразная зменлівасць (твару, вачэй і пад.). Ігра мускулаў твару.

5. Наўмысныя дзеянні, якія маюць пэўную мэту; тайныя задумы, інтрыгі. Біржавая ігра. □ Пачулія, зацікаўлены, моўчкі глядзеў на Сімонавы манеўры. Ён хацеў разгадаць ягоную ігру. Самуйлёнак.

ігравы́, ‑ая, ‑ое.

Звязаны з ігрой акцёраў; мастацкі. Ігравы фільм.

ігра́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для ігры (у 3 знач.). Ігральныя карты.

ігра́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. іграць (у 1 знач.). Які музыкант, такое ігранне. Прыказка.