знато́к, ‑така, м.
Тое, што і знавец. Знаток вайсковай справы. □ Пан Крулеўскі лічыў сябе знатаком сялянскай псіхалогіі. Колас.
знату́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
Разм. Надарвацца, падарвацца. — Той жа завідушчы, Ахрэм, у дровы ездзіў. Дык такі воз наваліў .., а конь гарачы, то знатужыўся. Вока стала кр[оўю] налівацца. Ермаловіч.
знату́жыць, ‑тужу, ‑тужыш, ‑тужыць; зак., каго-што.
Разм. Надарваць, падарваць. Знатужыць каня.
...знаўства, ‑а, н.
Другая састаўная частка складаных слоў, якія абазначаюць назвы навук і іх галін, напрыклад: глебазнаўства, грамадазнаўства, мовазнаўства.
знаха́р, ‑а, м.
Лекар-самавучка, які карыстаецца ўласнымі спосабамі лячэння: замовамі, травамі і пад.; шаптун. — Дзякаваць божаньку, як толькі знахар даў мне лякарства, дык як рукой зняло — другім чалавекам Сымон зрабіўся. Бядуля. І тут я ўспомніў пра сваё дзяцінства Пад цёмнай саламянаю страхою, З шаптухамі, панамі, знахарамі. Грахоўскі.
знаха́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да знахар.
знаха́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да знахара, знахарства.
знаха́рства, ‑а, н.
Занятак знахара, знахароў. У старой гнеўна бліснулі вочы: — Што вам трэба ад мяне? Я не займаюся знахарствам, няхай не брэшуць. Шамякін.