чэмпіяна́т, ‑у, М ‑наце, м.
Спаборніцтва на першынство ў якім‑н. відзе спорту або ў спартыўных гульнях. Шахматны чэмпіянат. Чэмпіянат па футболу. Чэмпіянат свету па вольнай барацьбе.
чэ́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Павольна, цяжка ісці. [Стары] чэпаў, абапіраючыся на палку. Чутно было, як са старэчых грудзей ірвалася сіплае дыханне. Хадановіч.
чэ́пік, ‑а, м.
Тое, што і бакас. Прыляцелі жаўрукі, І зязюлі, і шпакі, Качкі, чэпікі, З імі ластаўкі. Танк.
чэ́пчык, ‑а, м.
Памянш.-ласк. да чапец (у 1 знач.). // Лёгкі дзіцячы або жаночы галаўны ўбор у выглядзе каптура. // Пра лёгкі жаночы галаўны ўбор без палёў. [Маша] падняла свае тонкія рукі, каб паправіць бялюткі чэпчык на высокай дзівосна залатой кукле валасоў. Шамякін. — Дзяўчынка, мне «асобай», — падаў грошы [Ягор Лявонавіч] маладзенькай прадаўшчыцы з залатымі кудзеркамі, што выбіліся з-пад беленькага чэпчыка. Аношкін.
чэ́рава, ‑а, н.
1. Разм. Бруха, жывот. Нядоўга думаючы, .. [насарог] схіліў галаву ўбок і запусціў два страшэнныя рагі ў чэрава мастадонта. Маўр. Дзікі кабан павольна выходзіць з ляснога гушчару і брыдзе па чэрава ў снезе. Колас.
2. Унутраная частка жывата чалавека, жывёлы. Развіццё плода ў чэраве маці. // перан.; чаго. Унутраная частка чаго‑н. Тумілін адчыніў вузкія дзверцы і знік у чэраве электрапечы. Савіцкі. Васіль Малюк зноў адчыніў топку і з нейкай упартай метадычнасцю пачаў кідаць у яе ненажэрнае чэрава паліва. Васілёнак.
чэрававяшча́льнік, ‑а, м.
Той, хто мае здольнасць да чэрававяшчання.
чэрававяшча́льніца, ‑ы, ж.
Жан. да чэрававяшчальнік.
чэрававяшча́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чэрававяшчання. Чэрававяшчальны голас.
чэрававяшча́нне, ‑я, н.
Здольнасць гаварыць, не рухаючы губамі, калі здаецца, што гукі ідуць быццам з жывата, з чэрава.
чэравасячэ́нне, ‑я, н.
Спец. Хірургічная аперацыя, звязаная з раскрыццём брушной поласці.