згавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑верыць; зак., каго-што.
Разм. Прагаварыць, сказаць. Толькі ты згаворыш пацеры Над нядоляю маёй, Толькі вочы мае мацеры Затуманяцца слязой. Жылка.
згаво́р, ‑у, м.
Узаемная дамоўленасць, узаемнае пагадненне. Неяк сам сабою, без згавору, без папярэдняй падрыхтоўкі пачаўся мітынг. Галавач.
згаво́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад згаварыць.
2. безас. у знач. вык. згаво́рана. Ёсць дамоўленасць адносна чаго‑н.
згаво́рвацца і згава́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да згаварыцца.
згаво́рлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць згаворлівага; уступчывасць.
згаво́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Такі, з якім лёгка згаварыцца; уступчывы. Сонцаў быў разам з тым вельмі дабрадушным і згаворлівым, у адрозненне ад суровага і цвёрдага Быстрова. Мележ. // Уласцівы такому чалавеку. Згаворлівы характар.
згада́цца, ‑даецца; безас. зак.
Разм. Прыпомніцца, прыгадацца. Згадалася, як маці шыла новую сукеначку, калі Аня стала хадзіць у школу. Мележ. «Хто б дзятла ведаў, каб не яго нос», — згадаліся Юлі словы, што любіў паўтараць яе бацька. Сачанка.
згада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм.
1. Успомніць, прыгадаць. Хачу згадаць я светлы час, Што да жыцця паклікаў нас, Паход Кастрычніцкі згадаць, Аб людзях бедных расказаць. Куляшоў.
2. Угадаць, прадбачыць. Што пачнецца раней — наступленне ці блакада — вельмі цяжка згадаць. Брыль. Напэўна, праведаў вораг, Згадаў па тваёй хадзе, У які ты імкнешся горад, Якою дарогай ідзеш. Глебка.
зга́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да згадаць.