Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

заціха́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. заціхаць — заціхнуць.

заціха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заціхнуць.

заці́хлы, ‑ая, ‑ае.

Які заціх, перастаў гучаць або чуцца. Вечарам у Дзень перамогі на ўзлессі за мястэчкам успыхнуў вялізны касцёр і пошчакам панесліся па заціхлым лесе гукі піянерскага горна. Нядзведскі. Заціхлы матыў песні аб запаветнай кветцы ўзнікае зноў. Вітка.

заці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. заціх, ‑ла; зак.

1. Перастаць ствараць якія‑н. гукі (гаварыць, смяяцца, крычаць і пад.); змоўкнуць. Марыля крычала хрыпла і дзіка, а потым заціхла. Брыль. Уздрыгнула і памалу пачала расхінацца заслона, са сцэны павеяла халадком, зала заціхла. Карпаў. // Перастаць чуцца, раздавацца. І змоўкла радыё, ні гуку, І голас дыктара заціх. Колас. Заціх апошні водгалас грымотнага раскату. Лынькоў.

2. перан. Аслабіць або спыніць сваю дзейнасць. Лёгкая плынь ветру зноў заціхне, і дзень зноў зіхаціць сонцам. Чорны. Вёска прытаілася, заціхла, як і ў першыя дні акупацыі. Шамякін.

заці́шак, ‑шку, м.

1. Ціхае, затуленае ад ветру месца. Яблыні згіналі кучаравыя галіны пад платамі і стваралі заценены зацішак. Пестрак. Дзед з унукам стаіліся ў зацішку, каля прыбудоўкі. Даніленка. // перан. Ціхае, спакойнае, адасобленае месца. Са шпіталя [Аляксея] хацелі паслаць у тыл. — Каго, мяне? Як жа я буду сядзець недзе ў зацішку, калі мае таварышы ваююць? Мележ. Мы й самі жывём не ў зацішку — Вялікія змены і ў нас. Звонак.

2. Тое, што і зацішша (у 1 знач.). — Глядзі на мора. Шторм блізіцца. Такі зацішак звычайна перад штормам. Карамазаў. Перайшлі мы палі, Абышлі гарады, Разам зналі баі і хвіліны зацішку. Броўка. Звычайна ж зацішкі цягнуцца нядоўга, а тым болей зацішак у жывым людскім жыцці. Колас.

заціша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зацішыць.

заці́шна,

1. Прысл. да зацішны.

2. безас. у знач. вык. Ціха, бязветрана. Тут, пад стогадовымі соснамі, пад волатамі-дубамі, было зусім зацішна. Шамякін. Сонца грэла слаба, .. але пры сцяне было зацішна і нават цёпла. Чорны.

заці́шнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць зацішнага; цішыня. Адзінота, перамешаная з трапяткой зацішнасцю, панавала над хвойнікам. Адамчык.

заці́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Бязветраны, ціхі. Зацішны бок. □ Вецер ірваў з узгоркаў пульхны мяккі снег.., кідаў куды-небудзь у зацішныя куткі і прасаваў там з яго грывастыя сумёты. Асіпенка. // перан. Ціхі, глухі, скрыты. Самка аленя хавае .. [дзіця] дзе-небудзь у патаемным, зацішным кутку, у высокай траве ці ў хмызняку. В. Вольскі.

2. перан. Без значных падзей, ажыўленай дзейнасці. На ўчастку фронта, які займалі партызанскія атрады, пачаліся зацішныя дні. Галавач.

заці́шша, ‑а, н.

1. Часовае спыненне шуму, ветру. Зацішша перад навальніцай. □ Калі наверсе па густым хваёвым покрыве каціўся глухі шум ветру, тут, унізе, стаяла прыемнае зацішша, было па-хатняму ўтульна. Новікаў. // перан. Спыненне, аслабленне дзейнасці, руху і пад. На пероне зацішша — ні цягнікоў, ні пасажыраў. Навуменка. Адгрымела блакада і ў атрадным баявым жыцці настаў нейкі момант зацішша. Брыль.

2. Ціхае, зацішнае месца; зацішак. «Не даеду...» — трывожна падумаў Цімох і, сабраўшыся з сілай, звярнуў у зацішша, за лазняк. Ваданосаў. У пячурцы — калматы, вялікі, Нешта муркае У зацішшы кот. Лявонны.