застрэ́шак, ‑шка, м.
Край страхі (хаты, хлява і пад.), які навісае над сцяной. Так, стоячы пад застрэшкам,.. Аўсееў і не заўважыў, калі сціх дождж. Быкаў. // Месца пад навіслым краем страхі. У застрэшку валтузяцца вераб’і. Сачанка.
застрэ́шша, ‑а, н.
Тое, што і застрэшак. Застрэшшы хат, адрын, прыгрэбнікаў закладзены гарбузамі. Навуменка. Гудзе ў застрэшшы зімні вецер. Астрэйка.
засту́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Разм. Тое, што і прастуда. Лякарства ад застуды.
засту́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад застудзіць.
засту́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да застудзіцца.
засту́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да застудзіць.
застудзі́цца, ‑студжуся, ‑студзішся, ‑студзіцца; зак.
Разм. Тое, што і прастудзіцца. Неяк застудзіўся .. [дзед] на рабоце, прастыў. Лынькоў. — На лузе яшчэ холадна ноччу, можна застудзіцца. Даніленка.
застудзі́ць, ‑студжу, ‑студзіш, ‑студзіць; зак., каго-што.
1. Ахаладзіць, замарозіць. Пабудзьце яшчэ, не ўцякайце з цяпла, Бо ў лесе застудзіце белыя ножкі. Грахоўскі.
2. Тое, што і прастудзіць (у 1 знач.). Застудзіць горла. Застудзіць грудзі.
застуката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.
Пачаць стукатаць. // Прастукатаць. У нас, у лесе, цішыня.. Хіба што дзяцел па сухадрэвіне застукоча, дык мы з такім лёскатам звыкліся. Новікаў.
застукаце́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.
Разм. Пачаць стукацець. // Прастукацець. Старшыня застукацеў лінейкаю па стале. Мурашка.