вы́казаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выказаць.
вы́казацца, ‑кажуся, ‑кажашся, ‑кажацца; зак.
1. Выказаць, выкласці сваю думку, погляды, пачуцці і пад. Хто хоча выказацца? □ Папас разумее, што трэба даць выказацца ўсім, хто жадае, і ён спакойна слухае, занатоўвае што-нішто сабе на паперку. Галавач. // за каго-што або супроць каго-чаго. Выявіць свае адносіны пры абмеркаванні чаго‑н. Выказацца за ўнесеную прапанову.
2. Закончыць выказванне, выказаць усё; выгаварыцца. [Паліна] з прытоенай хітрасцю чакала, што Ніна не стрымаецца, выкажацца перад ёю да канца. Сіўцоў.
вы́казаць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., што.
1. Падаць у звязнай і паслядоўнай форме свае думкі, выявіць пачуцці і пад. Выказаць праўду ў вочы. Выказаць згоду. □ Кожны хацеў першы выказаць сваю думку. Карпюк.
2. і з дадан. сказам. Выявіць, выкрыць тое, што павінна было ўтойвацца ад іншых. Ніводнай рысачкай Вера не выказала свайго хвалявання. Мікуліч. // каго. Разм. Выдаць; удаць. Жаўнеры лаюцца апошнімі словамі, пагражаюць бізуном.., каб.. [ляснік] выказаў.. паўстанцаў. Чарот.
3. Перадаць словамі свае адносіны да каго‑, чаго‑н. Выказаць падзяку. Выказаць спачуванне. □ — Я слоў не знаходжу, каб выказаць жаль і вострую горыч [с]траты. Колас.
выка́званне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. выказваць — выказаць (у 1, 3 знач.).
2. Выказаная думка, погляд. Выказванні класікаў марксізма-ленінізма аб літаратуры. □ Лектар гаварыў, часта спасылаючыся на свае выказванні па гэтаму пытанню. Галавач.
3. Выступленне. Запісаць выказванні на магнітафонную стужку.
выка́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да выказацца.
2. Зал. да выказваць.
выка́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да выказаць.
выка́знік, ‑а, м.
1. Галоўны член сказа, які абазначае дзеянне ці стан прадмета, выражанага дзейнікам; прэдыкат. Просты, састаўны выказнік.
2. Тое, што і выразнік. У імкненні служыць мастацкім словам простаму люду ці, інакш кажучы, быць выказнікам яго гора Багушэвіч даволі часта засяроджваў увагу амаль выключна на сацыяльных аспектах жыцця. Ярош.
выка́знікавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да выказніка; прэдыкатыўны.
вы́каласаваць, ‑суе; зак.
Выпусціць колас (пра збожжавыя расліны). Выкаласавала жыта на палетках.