вы́званіць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць.
Зак. да вызвоньваць (у 1 знач.).
вы́звацца, ‑завуся, ‑завешся, ‑завецца; зак.
Добраахвотна згадзіцца выканаць што‑н. Вызвацца ў разведку. □ Якуб Вастроў, малады хлопец, вызваўся з’ездзіць да барака прывезці вады. Лупсякоў.
вы́зваць, ‑заву, ‑завеш, ‑заве; зак., каго-што.
Тое, што і выклікаць.
вы́зверыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
Разм.
1. Моцна, пераходзячы на крык, накінуцца на каго‑н. (з папрокамі, лаянкай і пад.). — Марш у хату! — вызверыўся.. [Архіп] на жонку, падбег да варот і спытаў, нібы не ведаючы: — Хто там? Дуброўскі. Вызверыўся люты цар: — Дзе ахова? Дзе чыны? І куды глядзяць яны? Вітка.
2. Паглядзець са злосцю.
вы́зверыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
Разм. У выразе: вызверыць вочы — паглядзець са злосцю.
вызво́ньванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. вызвоньваць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
вызво́ньвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да вызвоньваць (у 1 знач.).
вызво́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
1. Выконваць звонам што‑н.; званіць. Званы ў гарадку кожны дзень вызвоньвалі сваё. Чорны. На Спаскай вежы куранты вызвоньваюць поўнач. Брыль. // Адзывацца звонам, звінець. Прыемна было слухаць, як вызвоньваюць малаткі, бачыць, як паддаецца чалавеку жалеза. Даніленка. Пад вузкімі кладкамі вызвоньвала вада. Савіцкі.
2. Спяваць, звінець (пра птушак, насякомых і пад.). Высока ў небе вызвоньвалі свае песні жаваранкі. Даніленка.
вызвяра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да вызверыцца.
вы́здаравець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць здаровым, паправіцца пасля хваробы; ачуняць. [Маці:] — Выздаравееш і зноў з дзецьмі пабяжыш гуляць на вуліцу. Васілевіч.