Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэлуры́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Зямны, які мае адносіны да Зямлі. Тэлурычныя токі.

тэ́ма, ‑ы, ж.

1. Кола жыццёвых з’яў, падзей, якія складаюць змест твораў літаратуры, жывапісу, музыкі ці аснову навуковых даследаванняў, дакладаў і пад. Тэмы кандыдацкіх дысертацый. Тэма даклада. □ Я тэмы для вершаў старанна вывучваў, Пра шчасце людское я хітра выпытваў, Слухмянымі рыфмамі звонка выстукваў Пра гора і радасць, пра грозныя бітвы. Панчанка. // Прадмет даклада, лекцыі, гутаркі. Лапковы мыслі зблыталіся ў галаве, але сувязі з агульнаю тэмаю, на якую ўзяўся ён разважаць, не гублялі, а толькі пайшлі па іншай лініі. Колас. Вера Антонаўка, спрабуючы знайсці прычыну, заводзіла гаворку то на адну, то на другую тэму, але дарма — сын адмоўчваўся. Карпаў. // Тое, што з’яўляецца зместам навучальнага або кантрольнага задання. Потым [Вера Адамаўна] пачала нячутна хадзіць па класе і вольна, без усякага напружання ў голасе тлумачыць новую тэму па літаратуры. Ермаловіч.

2. Спец. Асноўны матыў якога‑н. музычнага твора або яго часткі, які звычайна служыць прадметам далейшага развіцця. [Чайкоўскі] на тэме гэтага танца [тарантэлы] пабудаваў фінал «Італьянскага капрычыо» для сімфанічнага аркестра. «Маладосць».

3. У мовазнаўства — а) аснова на тэматычны галосны, напрыклад: чыта- ў слове чытаю, крычы- ў слове крычыць; б) пры актуальным чляненні выказвання тая яго частка, якая змяшчае менш інфармацыі, выражае ўжо вядомае і служыць асновай для разгортвання паведамлення.

•••

Вольная тэма — не абмежаваная рамкамі праграмы, адвольная тэма (сачынення і пад.).

[Грэч. thema — галоўная думка.]

тэматы́зм, ‑у, м.

Спец. Супастаўленне тэм, якое прымяняецца ў пабудове музычнага твора і пры яго аналізе. У творчасці Я. Цікоцкага лірычны тэматызм амаль заўсёды шырокі, спакойны, адзначаны жыццёвай актыўнасцю, светлым характарам. Дубкова.

тэма́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Сукупнасць, кола тэм. Тэматыка даследаванняў. Былінная тэматыка. □ Тэматыка лірычных твораў Я. Коласа надзвычай разнастайная. «Беларусь». Рабочая тэматыка займае ўсё большае і большае месца ў творах беларускіх пісьменнікаў. Арабей. Сергіевічу, які ўпершыню браўся за гістарычную тэматыку, хацелася даць трактоўку яе ў народным духу. Ліс.

тэматы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэмы (у 1 знач.), тэматыкі; які характарызуецца наяўнасцю якой‑н. тэмы (тэм). Тэматычны план лекцый. Стварэнне мастацкіх тэматычных твораў. □ У анталогію ўвайшлі творы шырокага тэматычнага дыяпазону. «Полымя». // Прысвечаны якой‑н. адной тэме. Тэматычная выстаўка. Тэматычны канцэрт. Тэматычны агляд літаратуры. □ Нядаўна мы праводзілі тэматычны вечар, прысвечаны жыццю і творчасці Міхася Лынькова. «ЛіМ».

2. Які мае адносіны да тэмы (у 2 знач.). Тэматычная распрацоўка сімфоніі. Тэматычныя паўторы.

3. Які мае адносіны да тэмы (у 3 знач.). Тэматычныя галосныя.

тэмбр, ‑у, м.

1. У музыцы — якасць гуку (яго афарбоўка), якая дазваляе адрозніваць гукі аднолькавай вышыні пры выкананні на розных інструментах або рознымі галасамі. М. Ворвулеў шчасліва спалучае ў сабе прыемны па тэмбру голас, адменную музычнасць і пачуццё сцэны. «Беларусь». Галасы ўсё больш скрыжоўваюцца, пераплятаюцца, узбагачаюць напеў тэмбрамі, робяць яго ўсё больш імклівым і рэльефным. «Полымя». // перан. Аб афарбаванасці, настроенасці чаго‑н. Мяккі тэмбр душы.

2. У фанетыцы — афарбоўка гука, якая вызначаецца становішчам фармант у частотным спектры гука.

[Фр. timbre.]

тэ́мбравы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэмбру. Тэмбравыя адрозненні інструментаў. Тэмбравыя фарбы голасу.

тэ́мнік, ‑а, м.

Разм. Спіс, зборнік тэм для сачыненняў, рэфератаў і пад. Тэмнік лекцый. Тэмнік дыпломных работ. □ Тэмнік, што вывешаны ў кутку рацыяналізатара і вынаходніка, дае ўсё новыя пытанні для роздуму. «Звязда».

тэмп, ‑у, м.

1. Ступень хуткасці выканання музычнага твора. Тэмп арыі. Тэмп уверцюры. / Пра спектакль, чытанне, мову і пад. Тэмп спектакля. Тэмп песні. □ Гукі полькі запоўнілі хату. Гетманскі лёгка кружыўся, набіраючы тэмп. Алешка. // У спорце — ступень хуткасці мерных або паўторных рухаў, дзеянняў. Тэмп бегу. Тэмп стральбы. □ На трэніроўцы маё сэрца хутка набірала адпаведны тэмп, і я адчуваў сябе зусім свабодна якраз у той час, калі спрытныя гарадскія юнакі ўжо выдыхаліся і выглядалі, як мокрыя кураняты. Карпюк.

2. Хуткасць ажыццяўлення, выканання або інтэнсіўнасці развіцця чаго‑н. Тэмпы росту цяжкай прамысловасці. □ Сельская гаспадарка дасягнула высокіх тэмпаў росту. «Работніца і сялянка». Шаманскі ўсёй сваёй душой адчуў, што цяпер, у дні агульнага працоўнага ўздыму калгаснікаў, самы час набіраць тэмпы. Дуброўскі.

•••

У тэмпе — хутка, энергічна (рабіць што‑н.).

[Іт. tempo.]

тэ́мпавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэмпу (у 1 знач.). Тэмпавыя асаблівасці танца. // У спорце — які выконваецца ў хуткім тэмпе. Тэмпавыя практыкаванні.