вы́даіць, ‑даю, ‑даіш, ‑даіць; зак., каго-што.
Здабыць даеннем усё малако з вымя жывёліны; падаіць. Выдаіць карову.
выдале́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. выдаляць — выдаліць.
вы́далены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выдаліць.
вы́даліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.
1. Прымусіць выйсці, знікнуць; перамясціць. Выдаліць пабочных асоб. Выдаліць прымесі. □ А Мурамцаў усяго толькі і зрабіў, што на першым пасяджэнні загадаў выдаліць з залы паліцыю. Колас.
2. Выразаць, вынуць шляхам аперацыі. Выдаліць пухліну. Выдаліць нырку.
выдаля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
Зал. да выдаляць.
выдаля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да выдаліць.
выда́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. выдаць (у 4, 5 знач.).
2. Твор друку, які мае спецыфічныя асаблівасці ў знешнім афармленні, у падборы матэрыялаў і можа быць аднесены да пэўнага тыпу. Акадэмічнае, перыядычнае выданне.
3. Сукупнасць экземпляраў якога‑н. твора, надрукаванага з аднаго набору. Пятае выданне твораў У.І. Леніна.
•••
Афіцыйнае выданне — выданне, якое ажыццяўляецца ад імя ўрада ці кіраўніцтва якой‑н. грамадскай арганізацыі і мае заканадаўчы, нарматыўны або дырэктыўны характар.
На выданні — у тым узросце, калі пара выдаваць замуж. Дзве слаўныя дачкі ў Маланні. Прыгожыя, абедзве на выданні. Корбан.
вы́дарыцца, ‑рыцца; зак.
Разм. Нечакана настаць, здарыцца. — Бывае — скарынцы будзеш рад, — сказаў стары. — Мала якая патрэба выдарыцца. Баранавых. // Выдацца, выпасці (пра час). Вясна выдарылася цёплая, лагодная. □ [Аляксей] ведаў, што з гадзіны на гадзіну можа прыйдзецца ехаць на фронт, а тады невядома, калі выдарыцца вольная хвіліна. Мележ.
вы́дасканаленасць, ‑і, ж.
Уласцівасць выдасканаленага. Выдасканаленасць слыху, рухаў.