бры́тва, ‑ы, ж.
Прылада для брыцця. Бяспечная брытва. Электрычная брытва.
•••
Язык як брытва гл. язык.
бры́твенны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да брытвы. Брытвенны футляр. // Які служыць для брыцця. Брытвенны прыбор.
бры́ты 1, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад брыць.
2. у знач. прым. З брытай галавой ці барадой. За маленькім, кругленькім столікам, над шклянкаю кавы сядзеў гладка прычэсаны, брыты чалавек. Гартны.
бры́ты 2, ‑аў; адз. брыт, ‑а; м.
Кельцкае племя, якое насяляла Англію ў старажытнасці.
бры́фінг, ‑у, м.
Кароткая нарада прадстаўнікоў друку, на якой спецыяльна ўпаўнаважанымі асобамі паведамляецца пазіцыя ўрада па пэўнаму пытанню.
[Англ. briefing — інструктаж.]
бры́ца, ‑ы, ж.
Аднагадовая травяністая расліна сямейства злакавых; плашчуга, пласкуша, курынае проса.
бры́цца, брыюся, брыешся, брыецца; незак.
1. Брыць сябе. Міхал Тварыцкі сеў за столік брыцца. Чорны.
2. Не насіць барады і вусоў.
3. Зал. да брыць.
брыццё, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. брыцца, брыць.
брыць, брыю, брыеш, брые; незак., каго-што.
Зразаць валасы брытвай да кораня; галіць. Брыць бараду.
бры́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Лёгкі выязны вазок. Дзень і ноч тарахцелі сялянскія падводы, шляхецкія брычкі і панскія фаэтоны. С. Александровіч. Непадалёку ад райкома стаяў прывязаны да агароджы гладкі вараны стаеннік, запрэжаны ў акуратную, на рысорах, брычку з мяккім сядзеннем са спінкай і месцам для фурмана. Хадкевіч.
бры́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад брыць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. У выразе: брыючы палёт гл. палёт.
3. Дзеепрысл. Незак. ад брыць.