жыва...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню а) слову «жывы», напрыклад: жывародзячы; б) слову «жыццё», напрыклад: жыватворны.
жывагло́т, ‑а, М ‑лоце, м.
Разм. Драпежнік, які глытае здабычу жыўцом. // перан. Пра сквапнага, бязлітаснага прыгнятальніка. Жыў спакойна цэлы век Невядомы чалавек. Жыў багатым жываглотам, Працаваць не меў ахвоты. А. Александровіч.
жывагло́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Разм. Жан. да жываглот.
жывагло́цтва, ‑а, н.
Разм. Бязлітасны прыгнёт, пажыва за кошт іншых.
жывадзёр, ‑а, м.
Разм. Пра жорсткага, бязлітаснага чалавека. Паноў і іншых жывадзёраў, Не сёння, заўтра, Але скора У нас іх тут зусім не будзе. Трус. // Пра скнарлівага гандляра, спекулянта-абдзіралу.
жывадзёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Разм. Жан. да жывадзёр.
жывадзёрства, ‑а, н.
Разм. Жорсткае абыходжанне з кім‑, чым‑н.; катаванне, здзекі. — У Аўсянішчы сяляне, абураныя жывадзёрствам памешчыцы, спалілі дашчэнту маёнтак і разабралі ўсё панскае збожжа. Зарэцкі.
жывако́ст, ‑у, М ‑сце, м.
Шматгадовая лекавая травяністая расліна сямейства бурачнікавых з буйным лісцем і трубчастымі кветкамі, якая расце па сырых мясцінах. — А жывакост, дзеткі, гэта значыць: жывіць косці, ажыўляе іх, — схамянуўшыся, дадае [бабка Аксіння]. Чарнышэвіч.
жыванараджэ́нне, ‑я, н.
Спосаб узнаўлення патомства, пры якім зародак развіваецца ў матчыным арганізме.
жы́вапіс, ‑у, м.
1. Від выяўленчага мастацтва, які перадае прадметы і з’явы навакольнага свету пры дапамозе фарбаў. Творы жывапісу. Пейзажны жывапіс. // Характар, манера мастацкага паказу, уласцівыя гэтаму віду мастацтва. Слабыя і моцныя бакі жывапісу мастака.
2. зб. Творы гэтага віду мастацтва: карціны, фрэскі і інш.