жвіры́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Крупінка жвіру. Плешчацца па краях [берагоў рэчкі] вада, жвірынкі маленькія вылізвае. Скрыган.
жві́рысты, ‑ая, ‑ае.
Усыпаны жвірам, з вялікай колькасцю жвіру. Жвірысты грунт. Жвірыстая дарога. □ Рэчкі цяклі пад тым лёдам, і праз яго свяцілася жвірыстае дно. Чорны.
жвя́канне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. жвякаць, а таксама гукі гэта дзеяння. [Кухар] пачуў у пуньцы хрумстанне, жвяканне і ціхае вурчэнне... Харты нешта жаруць! Гарэцкі.
жвя́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Шумна прыцмокваючы, перажоўваць ежу; чвякаць.
жвя́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм. Аднакр. да жвякаць.
жгут, ‑а, М жгуце, м.
1. Эластычная гумавая трубка, бінт або іншы падобны прадмет, якімі перавязваюць канечнасць, каб спыніць кровацячэнне. Над камісарам схіліўся сапёр, пераціскаючы раменным жгутом параненую нагу. Лынькоў. Грыцко паспешліва круціў з лазы жгуты і перавязваў Святлане ногі вышэй каленяў. Кулакоўскі.
2. Туга скручаны кавалак тканіны, саломы і пад. Саламяны жгут.
жгу́цік, ‑а, м.
1. Памянш. да жгут.
2. Ніцепадобны выраст на целе прасцейшых арганізмаў, які служыць органам руху.
жгу́цікавыя, ‑ых.
Група прасцейшых арганізмаў, органамі руху ў якіх з’яўляюцца жгуцікі.
жда́нкі, ‑нак; адз. няма.
Разм. Тое, што чакаюць, на што спадзяюцца, пра што мараць.
•••
Жданкі паесці гл. паесці.
жда́цца, жджэцца; незак. (часцей з адмоўем).
Тое, што і чакацца.