Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

жахлі́ва,

1. Прысл. да жахлівы.

2. у знач. вык. Разм. Пра вельмі неспрыяльныя абставіны, цяжкія ўмовы, у якіх хто‑н. знаходзіцца. Не любіць Маргарыта дома быць адна. Гэта жахліва — не ведаеш, якую работу прыдумаць сабе. Скрыган.

жахлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць жахлівага. Жахлівасць становішча.

жахлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае жах, вельмі страшны. Не забыць пра жахлівыя рэчы: Мерцвякоў адубелых пласты, Узарваныя хаты, масты. Броўка. // Роспачны, поўны жаху. І енк, і плач, калёс засмягшых скрып,.. — Усё злівалася ў жахлівы крык. Танк. // Вельмі цяжкі, пакутлівы, трагічны. Жахлівая смерць. Жахлівае здарэнне. // Разм. Вельмі дрэнны. Жахлівая дарога.

2. Вельмі моцны (пра ступень інтэнсіўнасці чаго‑н.), крайні ў сваім праяўленні. Смешнай і разам з тым жахлівай іроніяй гучаў плакат. Мікуліч. Пан Вальвацкі.. прагуляў.. усё, што маглі даць яму некалькі маёнткаў пры жахлівай эксплуатацыі парабкаў і падзённікаў. Крапіва.

жа́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм. Гучна, з сілай упасці, ударыцца. Жахнуцца аб падлогу.

жахну́цца, ‑ну́ся, ‑не́шся, ‑не́цца; ‑нёмся, ‑няце́ся; зак.

Разм. Прыйсці ў жах, моцна спалохацца. Учора зранку Мікалай Аляксеевіч заглянуў на ферму і жахнуўся. Сена выйшла зусім. Навуменка. // У жаху адхіснуцца. Ад рэзкага свісту паравоза .. [Шагаметаў] жахнуўся, як ад страшэннае навалы, і мімаволі кінуўся ўцякаць. Каваль. Дайшоўшы да месца, .. [чалавек] аж жахнуўся, аж адскочыў назад. Чорны.

жа́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Разм.

1. каго-што чым. Гучна, з сілаю ўдарыць. Да .. [Вані] падбег паліцыянт, жахнуў гумай па плячах і пацягнуў хлопчыка да пастарунка. Карпюк.

2. што. З сілаю кінуць. [Пошта] узяў дзецюкову касу і разы тры махнуўшы .. па траве, з усяе сілы жахнуў яе аб купіну. Крапіва.

жахну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.

1. каго. Моцна спалохаць, выклікаць жах. І тое, што ўбачыў .. [пан] у чалавечых вачах, жахнула яго. Чорны.

2. Выбухнуць, успыхнуць, бліснуць (пра полымя, маланку і пад.). Буйныя каплі, як бы градам, Па лісцях дуба секанулі Ды далей сетку пацягнулі. І вось жахнула бліскавіца. Колас.

жа́цца, жнецца; незак.

1. Паддавацца зжынанню. — Каб.. гэткія ўсе [жанчыны] былі, дык у мяне ў брыгадзе.. само б і касілася б і сушылася б, і жалася б і малацілася б. Ермаловіч.

2. Зал. да жаць.

жаць, жну, жнеш, жне; жнём, жняце; заг. жні; незак., што.

Убіраць хлебныя злакі, зразаючы сцёблы сярпамі ці жатнымі машынамі. Рыгор верыў, што не толькі пакажа Ірыне, як расце жыта, але.. навучыць яе жаць сярпом і вязаць снапы. Краўчанка. Выйду, гляну на палі, даліны — Жнуць камбайны спелыя аўсы. Лойка.

жбан, ‑а, м.

Абл. Збан. Стаіць з вадой гліняны жбан, Мігціць газоўка слепавата. Астрэйка.

жбано́к, ‑нка, м.

Абл. Збанок. — Шкада, што не папрасіў прынесці жбанок вады — хочацца піць. Навуменка.

жва́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць жвавага; рухавасць, жыццярадаснасць, ажыўленасць. Гірня хуценька сабраў ключы, адвёрткі і з небывалай для яго жвавасцю ўскочыў у кабіну. Кулакоўскі.