Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

жарабі́ца, ‑ы, ж.

Тое, што і жаробка.

жарабі́цца, ‑рабіцца; незак.

Нараджаць дзіцяня (пра кабылу, асліцу, вярблюдзіцу).

жарабо́к, ‑бка, м.

Непакладаны конь; конь-самец. Жарабок-стаеннік. Племянны жарабок. □ Быў у .. [Шахлевіча] тут улюбёны жарабок са спецыяльным прызначэннем множыць конскую народу. Колас. На ўсім скаку мог заарканіць Касым самага дзікага жарабка, за кароткі час аб’ездзіць яго. Даніленка.

жарабя́ і жарабё, ‑бя́ці; мн. ‑бя́ты, ‑бя́т; н.

Дзіцяня каня.

жарабя́ціна, ‑ы, ж.

Разм. Мяса жарабяці.

жарабя́чы, ‑ая, ‑ае.

Які належыць жарабяці, уласцівы яму. Жарабячае ржанне.

жаравы́, ‑ая, ‑ое.

Які награваецца пры дапамозе жару (у 1 знач.). Жаравая труба. Жаравы прас.

жаралі́сты, ‑ая, ‑ае.

Разм. З вялікім жаралом або некалькімі жароламі. Жаралісты дуб.

жарало́, а́; мн. жаро́лы (з ліч. 2, 3, 4 жаралы́), жаро́лаў; н.

1. Глыбокая адтуліна ў чым‑н. Жарало вулкана. □ Падаючы, [клён] прабіў сукам жарало ў зямлі. Лужанін. // Адтуліна ў ствале тоўстага дрэва. Уся гэта лука выглядала пышным старасвецкім садам, дзе замест пладовых дрэў раслі разложыстыя, дуплястыя, з асмаленымі жароламі дубы, убраныя чорнымі шапкамі буславых гнёздаў. Колас. // Назва пярэдняй адтуліны ствала гарматы. Гармату павярнулі жаралом у бок палякаў і пачалі біць. Колас.

жарапаніжа́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і гарачкапаніжальны.