дубо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да дуба (у 1 знач.). Дубовы лес. Дубовы ліст. Дубовы корань. // Зроблены з дубу. Дубовы стол. Дубовыя дзверы. Дубовая паля.
2. перан. Разм. Грубы, нязграбны, няскладны. Дубовы стыль. Дубовая мова. □ Толя злуе, што ў мяне тупы слых і дубовыя пальцы. Скрыган. // Нячулы, чэрствы, абыякавы да іншых. — У вашага сына, мабыць, такое дубовае сэрца, што нічым яго не прасвідруеш. Бядуля.
•••
Дубовая галава гл. галава.
дубо́к, ‑бка, м.
Памянш.-ласк. да дуб (у 1 знач.); малады невялікі дуб. А тым часам пачаўся лес, — спачатку кусты на куп’і, пасля, прылесак — бярозкі, дубкі, алешнік, елачкі. Брыль.
дубро́ва, ‑ы, ж.
Невялікі лісцевы лес; гай. Дарога вілася між густых дуброў, але часта насустрач нам нечакана выбягаў малады сасоннік. Хведаровіч. Праз дарогу цягнуліся калгасныя палеткі, дзе-нідзе перарэзаныя невялікімі бярозавымі пералескамі ці дубровамі. Шчарбатаў. // Дубовы лес. Дубнячок, што некалі.. ледзь дасягаў чалавечага росту, цяпер .. стаў суцэльнай дубровай. Ракітны. Усё ж шыракалістыя пароды сустракаюцца, а месцамі нават утвараюць невялікія дубовыя ляскі, так званыя дубровы. Гавеман.
дубро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўны, ж.
Шматгадовая (радзей адна‑, двухгадовая) травяністая ці паўкустовая расліна сямейства ружакветных.
ду́бчык, ‑а, м.
Памянш. да дубец; невялікі дубец. У кустах на выгане, пры чарадзе гусей, стаяла з дубчыкам у руках малая дзяўчынка. Якімовіч.
дубяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Мерзнучы, страчваць рухомасць, адчувальнасць. Прабіраў мароз. Дубянелі рукі і ногі, трэслася ўсё цела ад холаду. Капыловіч.
2. Зацвердзяваць, карчанець (пра труп). — Праз паўгадзіны [жывец] дубянее, а нежывога шчупак не бярэ. Ляўданскі.
дубяны́, ‑ая, ‑ое.
Цвёрды, нягнуткі. Дубяная скура. □ І ўсё цела — не яго. Яно пруткае, дубяное. Баранавых.
дува́л, ‑а, м.
Гліняная агароджа вакол кібіткі (пераважна ў Сярэдняй Азіі).
дуга́, ‑і́, ДМ ‑дузе́; мн. ду́гі (з ліч. 2, 3, 4 дугі́), дуг; ж.
1. Частка конскай збруі з сагнутага тонкага ствала дрэва, якая служыць для прымацавання аглобляў да хамута. Хутка Гнеды стаяў у аглоблях, пад жоўтаю кантоваю дугою. Гартны. Аднаго дня брычка са званочкам пад дугою пад’ехала да ганка пана Казіміра. Пестрак.
2. Частка акружнасці або круглаватай крывой лініі. Апісаць дугу. // у знач. прысл. дуго́й. У форме дугі, выгнутай лініі. Бровы дугой. □ Лес абгінаў сяло дугой. Шамякін.
3. Разм. Прыёмнік току на трамвайных вагонах. Ад слупа да слупа нацягнуты трасы, а да іх падвешаны правады, з якіх тралейбусныя штангі і трамвайныя дугі здымаюць ток. Жычка.
•••
Электрычная дуга; вольтава дуга — дугавы разрад паміж вугальнымі або металічнымі блізка размешчанымі электродамі.
Сагнуцца ў дугу гл. сагнуцца.
Сагнуць у дугу гл. сагнуць.
дугавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да дугі (у 1 знач.). Дугавая запрэжка.
2. Заснаваны на ўжыванні электрычнай дугі. Дугавая лямпа. Дугавая электразварка.