Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тыту́н, ‑у, м.

Тое, што і тытунь. Дзед сядзеў на лаўцы каля печы. У пячурцы ляжаў яго капшук з тытуном і крэсіва. Колас. Тадэўчык устае, папраўляе вогнішча, напіхае зноў тытуну ў люльку і дзівіцца. Бядуля.

тытуне́ц, ‑нцу, м.

Разм. Памянш.-ласк. да тытунь, тытун. [Яроцкі:] — А ўжо з сапраўдным тытунцом, то я табе скажу, і Вежа такога не нюхаў, што я магу зрабіць. Караткевіч. Калі ты курэц, то насі люльку і тытунец. Прыказка.

тытунёвы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тытуню. Тытунёвы ліст. □ Кудзін адчыніў кабіну, з якой патыхнула сухім цяплом, пахам саляркі і тытунёвага дыму. Радкевіч. Сухі і казытлівы тытунёвы пыл лезе ў рот. Паўлаў. // Атрыманы з тытуню. Тытунёвае масла. // Звязаны з вырошчваннем, апрацоўкай і продажам тытуню. Тытунёвая фабрыка. Тытунёвы ларок. □ Палікарпаўна ўжо даўно тытунёвую расаду павеяла. Кулакоўскі. Арцём пайшоў шукаць шчасця на новых землях, тытунёвых плантацыях. Самуйлёнак.

2. Зеленавата-карычневы; колеру тытуню. [Лізагуб] гаварыў і ўсміхаўся белымі зубамі, а ўсмешка была халодная, абыякавая. Валасы бліскучыя ад брыльянціну, нібы карова ягоную галаву лізала. Вочы тытунёвага колеру, абыякава-ўважныя. Караткевіч.

тыту́нь, ‑ю, м.

1. Травяністая расліна сямейства паслёнавых, лісце якой багата нікацінам. Садзіць тытунь. □ Аднойчы бацька пасынкаваў тытунь. Адломленыя парасткі і лісце ён паклаў на печы сушыць. Навуменка.

2. Высушанае і дробна нарэзанае лісце і сцёблы гэтай расліны, якія ідуць на курэнне. Уважліва, усё з той жа бацькоўскай усмешкай слухаючы Васю, Леанід Ільіч набіў тытунём сваю люлечку з доўгім роўным цыбуком і запыхкаў дымам. Краўчанка. Бацька выйшаў за Антонам на вуліцу, аддаў яму на памяць тытунь з капшуком. Мыслівец.

[Цюрк.]

тытуня...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «тытунь», напрыклад: тытунярэзка, тытуняводства.

тытуняво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Спецыяліст па тытуняводству.

тытуняво́дства, ‑а, н.

Вырошчванне тытуню ў прамысловых мэтах.

тытуняво́дчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тытуняводства, звязаны з ім. Тытуняводчы калгас. Тытуняводчы раён.

тыф, ‑у, м.

Агульная назва некаторых вострых інфекцыйных захворванняў: брушнога тыфу, зваротнага тыфу, сыпнога тыфу і паратыфу.

•••

Брушны тыф — вострае інфекцыйнае захворванне, якое выклікаецца пранікненнем у кішэчнік яго ўзбуджальнікаў.

Зваротны тыф — вострае інфекцыйнае захворванне з характэрнымі ліхаманкавымі прыступамі, якія перыядычна паўтараюцца.

Сыпны тыф — вострае інфекцыйнае захворванне, якое суправаджаецца з’яўленнем на ўсім целе хворага сыпу ў выглядзе ружовых і пурпуровых плям.

[Ад грэч. týphos — зацямненне свядомасці.]

тыфлапедаго́г, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне тыфлапедагогікі.