Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дно, дна, н.

1. Грунтавая паверхня пад вадой. Дно рэчкі. Дно мора. □ Дно возера пясчанае, чыстае, і ўсё відаць, як на далоні. Гамолка. // Ніжняя частка якога‑н. паглыблення на паверхні зямлі. Дно ямы. Дно рова. □ [Лубян] кожны раз з маўклівай радасцю сустракаў Карпа. Як роднага сына, браў на рукі Віцю, гушкаў яго. Потым яны садзіліся на дно акопа і моўчкі сядзелі. Шамякін.

2. (мн. дны, дноў). Ніжняя сценка або ніжняя частка якой‑н. пасудзіны, прадмета. Дно бутэлькі. Дно скрыні. Дно бочкі. □ На дне гнязда ляжала пяць блакітных яечак, абсыпаных рабаціннем. Капыловіч. [Лодка] ляжала ў кустах, перавернутая ўверх дном. Шамякін.

3. перан.; чаго. Глыбінная частка чаго‑н. Лясніцкі звычайна любіў узнімаць са дна душы ўспаміны аб мінулым. Зарэцкі. [Ігнась], пакорпаўшыся дзесьці на дне памяці, парашыў, што ў сварцы вінна Люба, а не ён. Мурашка.

4. перан. Прыгнечаныя, абяздоленая частка капіталістычнага грамадства. Не кляніце мяне, Што так смутна пяю, Бо і так там на дне Душу змучыў сваю. Купала.

•••

Без дна — вельмі глыбокі (пра вадаём).

Да дна — поўнасцю, да канца (зведаць, скарыстаць што‑н.).

Залатое дно — пра невычэрпную крыніцу багацця, даходу.

Ісці на дно гл. ісці.

На дне — нямнога, трошкі (засталося, пакінута і пад.).

На дне мора знайсці гл. знайсці.

Перавярнуцца ўверх дном гл. перавярнуцца.

Перавярнуць уверх дном гл. перавярнуць.

дноачышча́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для ачысткі дна (у 1 знач.). Дноачышчальныя работы.

днопаглы́бны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для паглыблення дна (у 1 знач.). Днопаглыбная машына.

дну́шка, ‑а, н.

Дошчачка, на якой крышаць мяса, агародніну і пад.

днява́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

Разм. Выконваць абавязкі днявальнага. Дняваліць у казарме.

днява́льны, ‑ага, м.

Радавы салдат, які назначаецца на суткі для нагляду за парадкам у сваім падраздзяленні. Праз якія пяць хвілін на ўсім беразе не спалі толькі вартавыя ды днявальныя па канюшні. Мележ. Салдаты лажыліся спаць, днявальныя ў казармах выключалі радыё. Хомчанка.

днява́ць, днюю, днюеш, днюе; незак.

Праводзіць дзень, рабіць днёўку дзе‑н. Ішлі.. [партызаны] раз на заданне і заляглі ў гушчары дняваць. Карпюк. Толя вяртаўся да сваіх, у тую вёску, дзе сёння днявала разведка. Брыль. // Адпачываць, хавацца днём (пра дзікіх жывёл, птушак.). [Ласіха] днявала ў векавых лазняках з двума малымі. Пташнікаў.

•••

Дняваць і начаваць — праводзіць дзе‑н. увесь час, многа часу. Некалькі дзён Якаў нікуды не выязджаў з гаража, тут дняваў і начаваў. Кулакоўскі.

дня́мі, прысл.

1. Некалькі дзён таму назад або праз некалькі наступных дзён; на днях. Днямі меўся адбыцца раённы агляд мастацкай самадзейнасці. Асіпенка.

2. З ранку да вечара; на працягу многіх дзён. Чытаць днямі. Днямі сядзець над разлікамі.

до 1, нескл., н.

Першы гук музычнай гамы, а таксама нота, якая абазначае гэты гук.

[Іт. do.]

до 2, прысл.

Разм. Досыць, дастаткова. — Ат, які толк з дзявочай навукі, — апраўдваўся каторы раз ляснік перад сябрамі.. — Распісацца ўмее, і до. Сачанка.

до́берман-пі́нчэр, ‑а, м.

Парода службовых сабак з клінападобнай галавой і кароткай, густой, бліскучай поўсцю, а таксама сабака гэтай пароды.

[Ад уласн. імя.]