дзіра́, ‑ы; мн. дзіры; ж.
1. Вялікая дзірка (у 1 знач.); тое, што і дзірка. — Падай мне які-небудзь кол, а я ім здолею развярнуць дзіру так, што нават і сам улезу. Маўр. Пашчапала мачты вірам, Баржа знемагала. Трум праз шчыліны і дзіры Вада залівала. А. Александровіч.
2. Тое, што і дзірка (у 2 знач.). Штрыпке бездапаможна схапіўся за галаву і праклінаў увесь свет і сваю прафесію, праз якую ён трапіў у гэту.. дзіру, як называў ён падуладныя яму дэпо і станцыю. Лынькоў.
дзіра́віць, ‑раўлю, ‑равіш, ‑равіць; незак., што.
Рабіць дзіркі ў чым‑н. [Весялоў] успомніў усё: і завыванне ветру ў стропах парашута, і сухі трэск куль, што разрывалі, дзіравілі шоўк, і пах свежых сасновых дошак, і пах салідолу ад халодных авіябомб. Шашкоў.
дзіра́вы, ‑ая, ‑ае.
З дзіркай (дзіркамі). Дзіравае вядро. Дзіравая лодка. □ Галубы ў старым, дзіравым кошыку, падвязаным пад лацінай, выседзелі галубянят. Брыль. // Зношаны да дзірак, парваны (пра адзенне, яго часткі). Дзіравая кашуля. □ Дзіравую кішэню ніколі не напоўніш. Прыказка.
•••
Дзіравая барада гл. барада.
Дзіравая галава гл. галава.
Дзіравая памяць гл. памяць.
Дзіравыя рукі гл. рука.
дзірако́л, ‑а, м.
Разм. Канцылярская прылада для прабівання круглых дзірак у паперы.
дзі́рачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш. да дзірка (у 1 знач.); невялікая дзірка. Тысячы шчылінак і дзірачак загараліся на сонцы, і ўсё гумно налівалася бліскучымі патокамі святла, зіхцела, жыло і ззяла ў залатых праменнях. Колас.
дзірва́н, ‑у, м.
1. Тое, што і дзёран. Каб наварыць ландышы сёння, Слава яшчэ ўвосень выкапаў іх у лесе разам з дзірваном. Хомчанка. Зверху скляпенне было прысыпана зямлёй і абложана дзірваном. Колас.
2. Нявораная зямля, густа парослая травой. Выходзяць на поле плугі, Ўзнімаюць плугі дзірваны. Купала. Палі ўсё яшчэ ляжалі шырокімі, даўно не кранутымі дзірванамі, суха шасцелі пераспелым пустазеллем. У першыя гады пасля вызвалення ў калгасе.. не хапала сілы падняць гэты далёкі заляжалы дзірван. Шамякін.
[Літ. dirvonas.]
дзірване́ць, ‑ее; незак.
Зарастаць травой, пакрывацца дзёрнам, дзірваном (у 1 знач.). На пясках з’яўляецца травяная расліннасць, пясок дзірванее. Чорны. Дзірванела пакінутая багатымі фальваркоўцамі зямля. Бажко.
дзірвані́сты, ‑ая, ‑ае.
Пераплецены каранямі травы; пакрыты дзірваном. Дзірваністая глеба. □ Перад уяўленнем паўстае дзірваністы ўзмежак з вялізным і густым кустом шыпшыны. Марціновіч.