дзе́яч, ‑а, м.
Асоба, што вызначылася ў якой‑н. галіне грамадскай дзейнасці. Дзяржаўны дзеяч. Дзеяч навукі. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. Грамадскі дзеяч. □ За гады савецкай улады многа выдатных людзей з’явілася ў беларускім Палессі. Гэта дзеячы народнай гаспадаркі, дзеячы ператварэння і ўдасканалення краю, дзеячы навукі і культуры. Чорны.
дзе-ко́лечы, прысл.
Абл. Дзе-небудзь. Бадай што іх дзе-колечы захапіў дождж, — падумаў [Рыгор] пра Сёмку з Волькаю ды Петруся з Гэляю. Гартны.
дзе-не́будзь, прысл.
У якім-небудзь месцы. — Чакай жа, — сказаў Цімох, — заварочвай статак, пагонім у Чартавіцу, дзе-небудзь напаткаем іх, паганцаў! Колас. Калі надыходзіла ноч і якая калона спынялася на начлег, дзе-небудзь з боку, неўзаметку, прыстройваўся і экіпаж эмкі. Лынькоў.
дзе-нідзе́, прысл.
Месцамі, сям-там. Сцежкамі да гумнаў праходзілі мужчыны. І толькі дзе-нідзе свяціўся ў хаце спознены агеньчык. Брыль. Наўкол, як акінуць вокам, зелянеў луг, ляжалі роўнымі радамі пракосы. Дзе-нідзе паміж імі паблісквала вада. Даніленка.
дзёгаць, ‑гцю, м.
Цёмная густая смалістая вадкасць, якая здабываецца шляхам сухой перагонкі цвёрдага паліва (драўніны, торфу, каменнага вугалю і пад.). Васіль Лявончык у чым быў на калгасным двары, у тым і пайшоў, толькі забег да рымароў і добра змазаў свае ялавыя боты дзёгцем. Шахавец. Пах сасновай смалы так густа напаіў паветра, што яно ў начной цемры здавалася цягучым, як дзёгаць. Чарнышэвіч.
дзёгцевы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дзёгцю.
дзённік, ‑а, м.
1. Храналагічны запіс падзей, у якіх сам аўтар удзельнічаў ці быў іх сведкам. Дарожны дзённік. Дзённік з’езда. □ У блакнот свой заношу пачатак Вандроўнага дзённіка, Дзень уч[а]рашні, вечар, Ноч і сённяшні досвітак шэры, Усе ростані і сустрэчы Пішу на паперы. Куляшоў.
2. Кніга, сшытак і пад. з такімі запісамі. Марына сядзела за сталом у Валі Арэшкі, калі Собіч праглядаў яе касавыя дзённікі. Скрыган. Яшчэ перад ад’ездам у пушчу дзед Рыгор перадаў .. [Архіпу Паўлавічу] рукапісы і дзённік Васіля Крамнёва. Шашкоў. // Вучнёўскі сшытак для запісу зададзеных урокаў і выстаўлення ацэнак. Пятро Захаравіч нечакана пацікавіўся Рыгоркавым школьным дзённікам. Краўчанка. [Галя] несла абгорнуты чыстай сіняй паперай дзённік з аднымі круглымі пяцёркамі на пераводнай старонцы. Якімовіч.
дзённы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да дня (у 1 знач.). Зоры на небе спапялелі, дзённае святло цадзілася зверху. Чорны. Ледзь-ледзь варушыцца лісце, спачываючы ад дзённай спёкі. Брыль. // Які адбываецца, праводзіцца днём, удзень. Дзённы спектакль. Дзённая разведка. □ Восеньскі дзень схіляўся пад вечар, дзённая змена ішла дамоў. Гурскі. // Прызначаны для дзейнасці або адпачынку ўдзень. Ноччу над лётным полем стаяла цішыня, тут была дзённая авіяцыя. Лынькоў. Змрокам з дзённай схованкі выходзіў Віктар. Лобан.
2. Які адбываецца, праводзіцца на працягу аднаго дня (у 1, 2 знач.), разлічаны на адзін дзень. Дзённы заработак. Дзённая выпрацоўка. Дзённае заданне. Дзённы пераход. Дзённы рацыён.
•••
Лямпа дзённага святла гл. лямпа.
...дзённы, ‑ая, ‑ае.
Другая састаўная частка складаных слоў; абазначае: які адбываецца, працягваецца столькі дзён, колькі паказана ў першай частцы, напрыклад: двухдзённы, трохдзённы.
дзёран, ‑рну, м.
Верхні слой глебы, густа пераплецены карэннем травы. [Зямля] была рыхлая, і бяроза лёгка вывернулася, падняўшы на карэнні цэлы пласт дзёрну. Курто. // зб. Выразаныя з гэтага слоя кавалкі, якімі ўмацоуваюць адхоны, схілы і пад. А перад лаўкамі клапатлівай садоўніцкай рукой пароблены клумбы, абкладзеныя зялёным дзёрнам. Мурашка.