дзённік, ‑а, м.

1. Храналагічны запіс падзей, у якіх сам аўтар удзельнічаў ці быў іх сведкам. Дарожны дзённік. Дзённік з’езда. □ У блакнот свой заношу пачатак Вандроўнага дзённіка, Дзень уч[а]рашні, вечар, Ноч і сённяшні досвітак шэры, Усе ростані і сустрэчы Пішу на паперы. Куляшоў.

2. Кніга, сшытак і пад. з такімі запісамі. Марына сядзела за сталом у Валі Арэшкі, калі Собіч праглядаў яе касавыя дзённікі. Скрыган. Яшчэ перад ад’ездам у пушчу дзед Рыгор перадаў .. [Архіпу Паўлавічу] рукапісы і дзённік Васіля Крамнёва. Шашкоў. // Вучнёўскі сшытак для запісу зададзеных урокаў і выстаўлення ацэнак. Пятро Захаравіч нечакана пацікавіўся Рыгоркавым школьным дзённікам. Краўчанка. [Галя] несла абгорнуты чыстай сіняй паперай дзённік з аднымі круглымі пяцёркамі на пераводнай старонцы. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)