Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ту́тавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тутаўніка. Тутавы ліст. Тутавы гадавальнік. □ Тутавыя гаі, якія вырастуць уздоўж каналаў, дадуць магчымасць займацца шаўкаводствам. «Полымя». // Які харчуецца лісцем тутаўніка і выпрацоўвае шоўк. Тутавы шаўкапрад. // Які з’яўляецца шкоднікам тутаўніка. Тутавы пядзенік.

2. у знач. наз. ту́тавыя, ‑ых. Сямейства раслін, да якога належыць тутавае дрэва.

•••

Тутавае дрэва гл. дрэва.

ту́така, прысл.

Абл. Тут. [Тайдо:] — Тады пачакай тутака, пакуль вада падымецца. Маўр. — Прывітанне, рабфакавец, — сказаў [Платон Галавач], радасна ўсміхнуўшыся. — Вось дык нечаканасць, не думаў я сёння цябе сустрэць тутака. Хведаровіч.

ту́таўнік, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Тутавае дрэва. / у знач. зб. Пасадкі тутаўніку.

2. ‑у; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва.

ту́ташні, ‑яя, ‑яе.

Разм. Тое, што і тутэйшы. — Я ўсё гляджу на цябе, — зноў пераходзячы на «ты», пачаў дзядзька, — дык ты ці туташні, ці так адкуль? Чыгрынаў.

тутэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

Які родам з гэтай мясцовасці, жыве тут, не прыезджы. І гэта ўжо былі тутэйшыя людзі, з гутаркі можна было адразу пазнаць і з выгляду. Чорны. // Які дзейнічае, працуе тут; мясцовы. Тутэйшы настаўнік. Тутэйшы паштальён. □ [Незнаёмы:] — Я не належу да тутэйшай падпольнай арганізацыі. Машара. Нейкі здраднік данёс фашыстам, што былы дырэктар саўгаса партызаніць у тутэйшых лясах. Шчарбатаў. Тутэйшых заядлых паляўнічых было мала, і качак, можна сказаць, амаль ніхто не турбаваў. Лупсякоў. / у знач. наз. тутэ́йшы, ‑ага, м.; тутэ́йшая, ‑ай, ж. — А вы, мусіць, не з тутэйшых будзеце? Блізкіх рыбакоў дык я ведаю бадай усіх, — запытаўся і я ў сваю чаргу. Якімовіч. // Які ўласцівы гэтай мясцовасці. Тутэйшы звычай. □ Усе, хто стаяў на вуліцы, пачуўшы, што гавораць вершы на простай, тутэйшай мове, рынуліся ў залу і так стоўпіліся, што бліжэйшым прыйшлося стрымліваць напор. Мядзёлка. Як рашыць такую цяжкую задачу, што трэба зрабіць, каб тутэйшыя пяскі хоць трохі лепш радзілі? Кулакоўскі. // Які вырабляецца, робіцца, выводзіцца, разводзіцца ў гэтых мясцінах; не прывазны. — Нашай гадоўлі [каровы], — адказвае Соф’я Антонаўна. — Не выпісвалі з далёкіх краёў. Тутэйшай пароды. Бялевіч.

туф, ‑у, м.

Порыстая горная парода вулканічнага або асадкавага паходжання, якая выкарыстоўваецца як будаўнічы матэрыял. Вапнавы туф. □ У аддзелцы калон упершыню выкарыстаны .. туф, дэкаратыўная кераміка, чаканка. «ЛіМ».

[Ад лац. tofus.]

туфабето́н, ‑у, м.

Разнавіднасць бетону, запаўняльнікам якога з’яўляецца туф.

ту́фавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да туфу. Туфавая парода. Туфавая лава. // Зроблены з туфу. Туфавы блок.

ту́фель,

гл. туфлі.

ту́фелькі, ‑аў; адз. туфелька, ‑і, ДМ ‑льцы, ж.

У заалогіі — прасцейшыя арганізмы класа інфузорый, якія жывуць у прэснай стаячай вадзе.