Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чмы́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. З шумам выпускаць паветра праз ноздры. Праз паўгадзіны Клава бачыла, як нядаўна звязаны і скрыўлены жандар чмыхаў, як лось, мыючыся каля бочкі з вадою. Чорны.

2. Усміхаючыся, смеючыся, плачучы, утвараць гук носам ці губамі. Сям-там пачалі мужчыны чмыхаць, хлопцы шаптацца ды дзяўчаты падраготваць. Мурашка. Пад самае ранне прыехала з горада Хадося і, распрогшы кабылу, за хлявом.. доўга паціху чмыхала, уздрыгваючы плячыма, сморкала ў фартух, закрывала твар. Галавач.

3. З шумам выпускаць праз пэўныя адрэзкі часу паветра, пару, адпрацаваныя газы. Недалёка грукатаў цягнік. Нават чуваць было, як ён натужна сон і чмыхаў. Новікаў. Адсюль ужо былі бачны першыя хаты Затокаў і чутно, як чмыхае каля клуба рухавічок. Жычка.

4. перан. Разм. Сердаваць, злавацца, выражаючы незадаволенасць чым‑н. — Цьфу ты, нацыя бабская... — нездаволена чмыхаў дзед. — Ты да яе [Палаткі] як чалавек, а ў яе сваё ў галаве... Лынькоў. Камендант нездаволена чмыхаў, стоячы на паравозе, а Пецік увіхаўся каля Трапезы. Навуменка.

чмы́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да чмыхаць.

чмяк, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. чмякаць — чмякнуць і чмякацца — чмякнуцца.

чмя́канне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. чмякаць.

чмя́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Падаць, валіцца з глухім гукам. Вада ажно закіпела ад бурбалак, нібы на раку абрушыўся град; глуха чмякаліся, разрываючыся і ўзнімаючы фантаны, міны. Хадкевіч.

чмя́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і чвякаць. Спрытна падбіраючы пачастунак, .. [лось] моцна чмякаў і, відаць, ад задавальнення ківаў сваімі прыгожымі, расхіленымі на бакі лапатападобнымі рагамі. Ляўданскі. Зямля набракла, боты чмякалі па гразі. Хомчанка.

чмя́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Аднакр. да чмякацца.

чмя́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да чмякаць.

2. Ударыць чым‑н., кінуць, утварыўшы глухі гук. Аксана, падышоўшы бліжэй, чмякнула вобземлю два даволі ладныя клункі. Сачанка.

чмялі́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да чмяля, уласцівы яму. Чмяліны мёд. □ Маленькіх пчаляроў у Пуцілкавічах было многа. У час сенакосу яны збіралі чмяліныя гнёзды і пераносілі іх у свае берасцяныя вуллі. С. Александровіч. // Такі, як у чмяля (пра гул, голас). Струн гітарных гул чмяліны, Кастаньет бусліны клёкат. Дзве ружовых гітарысткі Абарвалі дзве струны. Панчанка. Манатонны, нудны постук колаў чмяліным гудам поўз у вушы. Шашкоў.