хе́рас, ‑у, м.
Сорт белага моцнага вінаграднага віна.
[Ад геаграфічнай назвы.]
херуві́м, ‑а, м.
1. У хрысціянскай рэлігіі — анёл вышэйшага чыну. Аднойчы анёлаў сабраў херувім. Вярцінскі.
2. Разм. Аб прыгожым чалавеку. [Ала:] — А тут яшчэ пяшчоты. Яны маладзяць і робяць мужчыну херувімам з крыльцамі. Карпаў.
[Стараж.-яўр.]
херуві́мскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да херувіма.
2. перан. Разм. Які адрозніваецца знешняй прыгажосцю; падобны да херувіма. Херувімскі выгляд.
хе́ты, ‑аў; адз. хет, ‑а, М хеце, м.
Агульная назва плямён і народнасцей, якія насялялі ў 2 і ў пачатку 1 тысячагоддзя да н. э. цэнтральную і ўсходнюю часткі Малой Азіі і паўночную Сірыю.
хет-тры́к,
У выразе: зрабіць хет-трык — тройчы паразіць вароты праціўніка ў адной гульні адным і тым жа гульцом (пра хакей, футбол).
[Англ. hat trick.]
хе́ўра, ‑ы, ж.
Пагард. Група людзей, якія аб’ядналіся для разбою, злачынства; банда. На Ўкраіне пан Патоцкі, Пан з Канёва родам, З сваёй хеўрай гаспадарыць Над бедным народам. Купала. [Шкунда:] Золатапагоннікі, кадэты І хеўра іншае брыды Расстроіць хочуць нам рады. Колас. // Разм. Пра кампанію людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, агульнымі прыметамі і пад. Калі хлопцы наймалі музыку іграць вечарынку, то Мікалая Халусту ніколі не бралі ў хеўру. Чарнышэвіч. — Хадзем, брыгадзір, у хеўры весялей, — гукаюць.. [мужчыны] Храпавіцкага. Мурашка.
•••
Адна хеўра; з адной хеўры — пра людзей адных поглядаў, адных паводзін (звычайна не вартых увагі).
хеўсу́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да хеўсураў; які належыць, уласцівы ім. Хеўсурская культура.