Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хвось, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле дзеясл. хвастаць (у 1 знач.) — хвастануць. Дубцом хвось каня.

хвошч, хвашчу, м.

Шматгадовая споравая травяністая расліна сямейства хвашчовых з зялёнымі, звычайна галінастымі сцёбламі і лускаватым лісцем. Палявы хвошч. Балотны хвошч.

хво́я, ‑і, ж.

1. Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых з высокім прамым ствалом і доўгай ігліцай; сасна. Люблю я лес, адвечны бор, Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі. Колас. Стромкія хвоі ўзнімалі свае вяршыні над лесам, нібы яны сябравалі з Вялікай Мядзведзіцай. Краўчанка.

2. зб. Абл. Ігліца. Крайнія хаты стаялі амаль пад самымі соснамі, так што шышкі і хвоя заляталі ў двары. Шамякін. // Пра пах ігліцы. Пахла хвояй. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху, па пнях. Бядуля.

3. Галінка хвойнага дрэва. Чырвань, хвоя на дамах, Лозунгі, вядома. Броўка. // Хваёвы лес; сасняк. Зялёны ранак сонечнай нядзелі Не можа радасць цішыні ўтаіць. Відаць, субота добра пагудзела, Калі ў хвоях шум яшчэ стаіць. Чэрня.