Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тва́рык, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да твар (у 1 знач.). Нейкі смутак прабяжыць іншы раз па .. замурзаным тварыку [Агаткі]. Колас. Валюшка абудзілася першай. Ружовы ранішні прамень пяшчотна казытаў яе бялявы тварык. Шчарбатаў.

твары́цца, творыцца; незак.

1. Рабіцца, адбывацца. — Што на свеце пачало тварыцца, — разважаў .. [Яхім]. — Вір закруціў людзей, і ўсё паляцела дагары нагамі. Колас. Базарная плошча апусцела, на вуліцы творыцца незразумелае: плачучы, жанчыны вядуць пад рукі мужчын, захліпаецца гармонік, абняўшыся, надрываючы да знямогі галасы, спяваюць двое п’яных. Навуменка. Радыёла так грымела, што ў нашым пакоі нельга было чытаць. Можаце ўявіць, што тварылася ў тым пакоі, дзе жылі Віктар з Ганнай. Гаўрылкін.

2. Стварацца (пра якія‑н. матэрыяльныя або духоўныя каштоўнасці). У вёсцы збіраецца моладзь. Там спяваюць новую песню пра шчасце, што творыцца наступным пакаленням. Чорны.

3. Зал. да тварыць.

твары́ць, твару, творыш, творыць; незак., што.

1. і без дап. Ствараць у працэсе творчай дзейнасці матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. У самоце-адзіноце Песні, байкі ён [Сымон] тварыў. Колас. Не для славы імкнуся цябе я тварыць, Мая песня, мой заклік свабодны. Васілёк. [Андрэй:] — Да гэтага часу .. [фашысты] дамагліся толькі аднаго: спаганілі сваю ўласную мову, цудоўную нямецкую мову, на якой тварылі Гёте і Гейнэ, Маркс і Тэльман. Шамякін.

2. Рабіць, здзяйсняць. Тварыць вялікія справы. Тварыць дабро. □ Па тэлефоне Фінця Паўлаўна дазналася, што ў Маскве ёсць Інстытут касметычнай медыцыны. Там усё можна высветліць. Там твораць цуды касметыкі. Грамовіч. У чалавека ёсць два жыцці: адно жыццё творыць ён сам, а другое не залежыць ад яго і часта выходзіць за межы яго волі .. Так адчуваў Лабановіч, але замацаваць сваё адчуванне ў пэўнай форме не здолеў. Колас. Мы і гісторыю нашу Знаем ад самых асноў — Мы яе творым на справе Болей чым трыццаць гадоў. Куляшоў. // Чыніць, вырабляць што‑н. такое, што выходзіць за рамкі звычайнага, нармальнага. Ганна добра ведала, якія жахі твораць фашысты на акупіраванай тэрыторыі. Няхай.

тварэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. тварыць (у 1 знач.).

2. Тое, што створана ў працэсе творчай дзейнасці; твор. Паэма «Курган» — тварэнне Купалы. Карціна «Партызанская мадонна» — тварэнне Савіцкага. □ Легенды і казкі — тварэнне людзей — на хвалях сваіх аднясе [Біруса] ў Енісей. Дубоўка. І ўпрыгожыцца зямля .. велічнымі тварэннямі [будаўнікоў], тая зямля, на якой многа год таму назад пакутавалі ў нястачы і голадзе іх дзяды і бацькі. Кулакоўскі.

тварэ́ц, ‑рца, м.

Той, хто стварае матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Шыпіць дарога, пахне ветрам. Хвала тварцам такіх дарог! Панчанка. Сягоння на Ўкраіне вялікае свята: У дзень гэты радзіўся тварэц «Кабзара». Купала. Бетховен, як тварэц, не толькі паказаў вастрэйшую сацыяльную барацьбу свайго часу, але і даў усяму свету высокія ідэалы чалавечнасці і сапраўднай свабоды асобы. Шырма.