Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вурча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

Тое, што і бурчаць (у 1 знач.). Праз момант чутно, як.. [сабакі] злосна і нездаволена вурчаць. Лупсякоў. Навокал стаяла цішыня, толькі над галавой вурчаў, аддаляючыся, самалёт. Няхай.

вус,

гл. вусы.

вусано́гія, ‑іх.

Атрад ніжэйшых марскіх ракападобных жывёл.

вуса́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вусы, вусікі; з доўгімі або густымі вусамі. Вусаты чалавек. Вусаты кот. □ Аб шкло біўся аксамітнымі крыламі вялікі вусаты матыль. Б. Стральцоў. Вусаты, увесь у пыле, машыніст абвясціў перапынак. Хадкевіч. / у знач. наз. вуса́ты, ‑ага, м. Разм. — Аддай мне птушку! — наступаў вусаты на бялявага. Арабей. // З вусікамі, асцюкамі (пра расліны). Шапочуць вусатыя, нахіленыя да самай зямлі каласы жытоў і пшаніцы. Гамолка.

2. Састаўная частка назваў некаторых жывёл. Вусаты кіт.

вуса́ч, ‑а, м.

1. Разм. Чалавек з вусамі (звычайна доўгімі або густымі). З натоўпу выскачыў вусач і пусціўся ўпрысядкі, а потым закружыўся ваўчком. Гурскі.

2. Рыба сямейства карпавых; мірон.

3. Тое, што і дрывасек (у 2 знач.). Большасць вусачоў — шкоднікі лесу.

ву́сеневы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вусеня.

ву́сень, ‑я, м.

Лічынка матыля, падобная на чарвяка. Аднойчы.. [Ксеня] знайшла на яблыні вусеня, страшэнна перапужалася. Дуброўскі. // у знач. зб. Вусень пааб’ядаў вясною лісце ў садзе. Чорны.

ву́сікі, ‑аў; адз. вусік, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да вусы (у 1, 2 знач.); маленькія вусы. Собіч не любіў гэтага чалавека, вяртлявага, цыбатага, быстравокага, з тоненькімі моднымі вусікамі. Скрыган.

2. Ніткападобныя атожылкі на сцябле некаторых паўзучых раслін, якімі яны прымацоўваюцца да іншых прадметаў. У прыбудоўцы сенцах гаспадарыць адзін толькі неспакойны вецер,.. пакалыхваючы дзікі вінаград, што моцна ўчапіўся за тонкія дошкі, за кроквы, пераплёўшы іх сваімі цапкімі вусікамі. Колас.

3. Членістыя прыдаткі на галаве ў членістаногіх жывёл.

4. Спец. Доўгія тонкія выступы якой‑н. дэталі, прыстасавання ў выглядзе спружынак, дроцікаў. [Язэп] захапіў рукой жыта і раптам убачыў міну і два драцяныя вусікі, што тырчалі ў розныя бакі. Асіпенка.

вуснапаэты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да вуснай народна-паэтычнай творчасці.

ву́сны 1, ‑аў; адз. няма.

Губы, рот. Тонкія замкнёныя вусны рабілі твар дзяўчыны разам з тым і крыху строгім і сур’ёзным. Колас. Святлелі твары ў людзей, што сустракалі.. [чараду машын], словы радасці вырываліся з вуснаў. Хадкевіч.

•••

З вуснаў у вусны — распаўсюджвацца шляхам перадачы жывым словам, не пісьмова і без дапамогі іншых сродкаў.

Чуць з трэціх вуснаў гл. чуць.

ву́сны 2, ‑ая, ‑ае.

Які вымаўляецца, не пісьмовы. Вусны пераказ. Вусная мова. // Не замацаваны пісьмова. Вусная народная творчасць.