Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ву́зел 1, ‑зла, м.

1. Месца, дзе звязаны канцы чаго‑н. або зацягнута пятля на чым‑н. Гальштук быў новы, бліскучы і слізкі, і вузел атрымліваўся то вялікі, то малы, то крывы. Шыцік.

2. перан. Складанае спляценне якіх‑н. падзей, збег акалічнасцей. Вузел супярэчнасцей. Драматычны вузел п’есы. □ [Галена:] — Вы, здаецца, усе таксама ўблытаны ў гэтым вузле. Чорны.

3. Месца перакрыжавання, стыку чаго‑н. Чыгуначны вузел. □ Відно было з другога паверха, як у адным месцы сыходзяцца ў вузел палявыя дарогі. Чорны.

4. Сукупнасць размешчаных побач збудаванняў, машын, механізмаў і пад., звязаных паміж сабой. Энергетычны вузел. Радыётрансляцыйны вузел. Вузел абароны. // Частка машын, механізмаў, якая з’яўляецца злучэннем больш простых дэталей. Вузлы аўтамашыны.

5. Патоўшчаная частка сцябла з парасткамі або лісцямі. Лісцявы вузел.

6. Від прычоскі з доўгіх валасоў, закручаных на патыліцы. Аня Папова, трымаючы ў зубах шпількі, стаяла перад люстэркам і заколвала на патыліцы цяжкі вузел кос. Васілевіч.

7. Скапленне нервовых клетак. Нервовы вузел. // Патаўшчэнне сасудаў; бугорчык на скуры. Вузлы жыл.

8. Тое, што і клунак. Гаспадыня сама выбрала ўсё найлепшае, навязала ў настольнік даволі вялікі вузел, прыладзіла яго сабе на плечы. Шамякін.

•••

Марскі вузел — агульная назва рознага віду петляў і спосабаў звязвання тросаў.

Мёртвы вузел — асобы спосаб звязвання вяровак.

Санітарны вузел — памяшканні, абсталяваныя для санітарна-гігіенічных мэт (ванная, пральня, прыбіральня і пад.).

Гордзіеў вузел — пра заблытаныя абставіны, справы.

Рассячы гордзіеў вузел гл. рассячы.

ву́зел 2, ‑зла, м.

Мера скорасці ходу суднаў, роўная 1,852 км у гадзіну.

вузе́льчык, ‑а, м.

Памянш. да вузел ​1 (у 1, 6, 7 і 8 знач.); невялікі вузел. Паступова вяроўка танчэла і заканчвалася тоненькім пяньковым хвосцікам з дзесяткамі вузельчыкаў. Колас. Шаркаючы чаравікамі аб пафарбаваную падлогу, Параска таропка сабрала ў вузельчык сякія-такія рэчы,.. пацалавала ўнукаў і выйшла з дому. «Вожык».

вузе́ць, ‑ее; незак.

Станавіцца вузейшым. Чырвоная паласа на захадзе ўсё вузела, апускаючыся за небасхіл. Шахавец.

ву́зіць, вужу, вузіш, вузіць; незак., што.

Рабіць больш вузкім, звужваць. Вузіць штаны.

вузка...

Першая частка складаных слоў, якая ўжываецца ў значэннях слова «вузкі», напрыклад: вузкаплечы, вузкаспецыяльны.

вузкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Недастатковы па шырыні. Вузкаваты рукаў. Вузкаваты праход.

вузкаве́дамасны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з адным якім‑н. ведамствам, з невялікай колькасцю ўстаноў, арганізацый. // перан. Які дбае толькі аб вузкіх інтарэсах, не звяртаючы ўвагі на стан агульнай справы. Вузкаведамасныя мэты.

вузкаго́рлы, ‑ая, ‑ае.

1. З вузкім горлам (пра пасуду). Вузкагорлы гладыш.

2. З вузкім праходам, уваходам. Вузкагорлая бухта.

вузкагру́ды, ‑ая, ‑ае.

З вузкімі, упалымі грудзьмі.

вузкадыяле́ктны, ‑ая, ‑ае.

Які не выходзіць за межы дыялекта, не з’яўляецца здабыткам агульнанацыянальнай мовы. Вузкадыялектная лексіка.