трэцяра́дны, ‑ая, ‑ае.
Малаістотны, малазначны. Трэцярадная справа. Трэцярадная роля. // Невысокі па сваёй вартасці, па майстэрству; пасрэдны. Трэцярадны твор.
трэцясо́ртны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да трэцяга сорту. Трэцясортны тавар. // Разм. Вельмі пасрэдны. Трэцясортныя малюнкі.
трэшко́ут, ‑а, М ‑коўце, м.
Невялікае драўлянае бяспалубнае рачное судна.
[Гал. trekschuit.]
трэ́шчына, ‑ы, ж.
Шчыліна на месцы разлому, разрыву, пашкоджання паверхні чаго‑н. Там стаяў белы гліняны кубак, чайнік з адбітым рыльцам, талерка з рудою трэшчынаю, усё гэта пустое, сухое, чыста памытае. Арабей. Зламанай лініяй пралезла трэшчына на лёдзе ад берага да берага. Броўка. // перан. Пра разлад, разыходжанні паміж кім‑н. [Хоня:] — З сягонняшняга дня любоў мая дала трэшчыну! Мележ. [Харытон:] — А наконт Булыгавага вывадка прама скажу: яшчэ ў сваім зародку даў ён вялікую трэшчыну. Бажко.
трэ́шчынка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш. да трэшчына; невялікая трэшчына.
тсс, выкл.
Выкарыстоўваецца як заклік да маўчання, цішыні. — Тсс!.. — прыклаў палец да вуснаў Біцюк. — А то яшчэ хто пачуе... Васілёнак.
туале́т, ‑а і ‑у, М ‑леце, м.
1. ‑у. Адзенне, убранне. Модны туалет. Дарожны туалет. □ Уперамешку з самымі далікатнымі рэчамі жаночага туалету тут ляжалі мужчынскім штаны, часта без калашыны, трапляліся чаравікі, якім цяжка было падабраць пару, кавалачкі і парасоны. Нядзведскі.
2. ‑у. Прывядзенне ў належны стан свайго выгляду (умыванне, прычэсванне, адзяванне). Займацца туалетам. □ Ніна, збіраючыся на начную работу, рабіла туалет перад люстрам — гэтага патрабавала «прафесія». Мікуліч. // Разм. Прадметы касметыкі, гігіены. Дзяўчына падышла да маленькага століка, на якім стаялі прылады дзявочага туалету і некалькі фотакартак самых блізкіх людзей. Васілевіч.
3. ‑а. Столік з люстэркам, за якім адзяваюцца, прычэсваюцца.
4. ‑а. Прыбіральня. Мужчынскі туалет.
[Фр. toilette.]
туале́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да туалета (туалету). Туалетныя прыналежнасці. Туалетнае мыла. Туалетны столік. // Які прызначаны для захавання прадметаў туалету. Туалетны нэсэсэр.