Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чарапо́к 1, ‑пка, м.

1. Абломак, асколак разбітага глінянага, чыгуннага або фарфоравага вырабу. На падлозе разам з гэтым ламаччам валяліся чарапкі разбітага посуду, патэльня. Чарнышэвіч. Тут жа ў чарапку ад разбітага чыгуна стаяла малако. Пальчэўскі.

2. Разм. Невялікі гаршчок, міска або кубак. [Віктар:] — Пойдзем шукаць гліны, можа злепім які чарапок. Маўр. [Кірыла:] — А калі ж чарапкі свае пазабіраеш? Там жа і формы гэтыя твае валяюцца, парасяты іх лычамі качаюць па дварэ, і вёдры, і цабэркі. Скрыган.

чарапо́к 2, ‑пка, м.

Разм. груб. Тое, што і чэрап. [Парубшчык] уцякаць кінуўся. Гарашун — за ім. І яму перапала — добра загрэў па чарапку. Масарэнка.

чарато́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і чаротавы. Як нейкі востраў на агромністым блюдзе чаратовых балот, маляўніча выступаў старадаўні горад, важнейшы цэнтр неабсяжнага Палесся. Колас.

чараўні́к, ‑а, м.

1. У казках і павер’ях — той, хто можа чараваць, валодае чарамі; вядзьмар. Усё роўна, як у тых страшных казках, дзе злы чараўнік ператварае чалавека ў жабу ці яшчэ якую погань... Шахавец. І Харытон Шчыт, маленькі, ужо сагнуты гадамі, у пацямнелым скураным фартуху, снуючы па кузні ў гэтым дрыготкім святле, быў падобны на чараўніка з казкі. Хадкевіч.

2. Знахар. Як хвор ды бедзен — сам бяруся Лячыць сябе: я чараўнік! Бо я без доктара лячуся, — Бо я мужык, дурны мужык. Купала.

3. перан. Той, хто зачароўвае, захапляе чым‑н. Чараўнік слова. □ І яшчэ многімі сваімі творамі здзіўляў, зачароўваў, радаваў і хваляваў мяне гэты чараўнік паэзіі [Аркадзь Куляшоў]. Бялевіч.

чараўні́ца, ‑ы, ж.

1. Жан. да чараўнік (у 1, 2 знач.).

2. перан. Пра незвычайна прыгожую жанчыну. [Лабановіч:] — Я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі. Колас.

чараўні́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чараўніцтва.

2. Знахарскі.

чараўні́цтва, ‑а, н.

1. Сіла, дзеянні чараўніка; вядзьмарства; чары. Зайшла размова аб навуках — Старых, даўнейшых — і іх штуках, Аб кнігах з чорнаю пячаццю, Аб чараўніцтве, аб закляцці, Аб розных хітрасцях і зман[е]. Колас.

2. Знахарства. Найчасцей знаходзім адзнакі каля канкрэтных апісанняў замоў, чараўніцтва і розных дробных забабонаў. «Полымя».

чараўні́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць чараўнічага (у 2 знач.).

чараўні́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з чараўніцтвам; чарадзейны. У той час .. [Скарына] не мог вызваліцца ад рэлігійных уяўленняў аб прыродзе, аб сутнасці самога чалавека, аб духах, чараўнічых сілах і г. д. Алексютовіч. Гаспадыня паспешна накрыла на стол, на ім, як па ўзмаху чараўнічай палачкі, з’явіліся талеркі з мясам, белым хлебам. Пятніцкі. На другі дзень цар устаў, паглядзеў у сваю чараўнічую кнігу. Якімовіч.

2. перан. Які зачароўвае, захапляе, прыносіць асалоду; чароўны. Усё гэта чараўнічае і любае людскому слыху шматгалоссе зліваецца ў адну мелодыю, у нейкі своеасаблівы ўрачысты гімн працы. Мыслівец. Але той, хто наведаў хоць раз Чараўнічыя нашы мясціны, Не забудзе ніколі ён нас — Край блакітны і нашу гасціннасць. Пруднікаў.

чара́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Навесці кароткі моцны ўдар. // Ударыць, моцна стукнуць па чым‑н. Як пушчалка з прашчы, з густога натоўпу мільгануў камень і чарахнуў булахоўцу ў галаву. Машара. // Стрэліць кароткай чаргой з аўтаматычнай зброі. Яшчэ разоў колькі пачулася «Пароль?» і «Браўншвайг», а потым той, што падняў партызанскі кінжал, .. не стрываў: замест адказу, чарахнуў з аўтамата. Брыль.

2. Хутка адрэзаць (выразаць) кавалак чаго‑н. [Міхась] імгненна дастаў з кішэні маленькія нажнічкі і чарахнуў у Валі добрую пасму мяккіх валасоў каля вуха. Няхай. // Разануць чым‑н. вострым. Чарахнуць нажом па пальцах.

чараці́на, ‑ы, ж.

Адна сцябліна чароту. А цяпер на берагах возера .. прабіліся праз зямлю вострыя чараціны і па спакойнай вадзяной гладзі сноўдаюць рыбацкія чаўны. Броўка. Клім час ад часу падганяў.. [каня] сухой чарацінай. Кулакоўскі.