Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трэ́ці, ‑яя, ‑яе.

1. Ліч. парадк. да тры. Трэці год. Трэці па парадку. Трэці дом з краю. Трэцяя дзея п’есы. □ Прайсціся трэці раз Сцёпка не адважыўся: лёгка магло стацца так, што хто-небудзь з суседзяў мог бы звярнуць на яго ўвагу. Колас.

2. Асабіста не зацікаўлены ў чым‑н., што датычыцца дзвюх другіх асоб; пабочны. Усю гэтую гутарку чула трэцяя асоба. Чарнышэвіч.

3. у знач. займ. Хто‑, што‑н. з ліку некалькіх асоб або прадметаў пры іх пералічэнні. [Несцяровіч:] — Мільён людзей, скажам, працуе. Адзін муруе, другі цэглу робіць, трэці дрэва чэша, чацвёрты зямлю арэ. Кожны робіць сваё, а разам — гэта адна справа. Чорны.

4. перан. Не галоўны па значэнню, трэцярадны. На трэціх ролях. // Які выконвае дапаможную партыю. Трэці голас. // Ніжэйшы, горшы па якасці за другі. Трэці сорт. Чай трэцяга сорту.

5. у знач. наз. трэ́цяе, ‑яга, н. Страва, якая падаецца пасля другой; салодкая страва. На другі дзень з харчаваннем справа наладзілася, з’явіліся нават і трэція. Дубоўка.

6. у знач. наз. трэ́цяя, ‑яй, ж. Трэцяя частка, трэць. Адна трэцяя.

7. у знач. пабочн. трэ́цяе. Па-трэцяе.

•••

Трэцяе пакаленне — унукі.

Трэцяе саслоўе гл. саслоўе.

Трэцяя асоба гл. асоба.

Да трэціх пеўняў — да світання.

З трэціх рук; праз трэція рукі гл. рука.

Чуць з трэціх вуснаў гл. чуць.

трэці́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. трэціраваць.

трэці́раваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад трэціраваць.

2. у знач. прым. Пагарджаны, абражаны.

трэці́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да трэціраваць.

трэці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго.

Пагардліва абыходзіцца з кім‑н., зневажальна адносіцца да каго‑н. Буржуазныя нацыяналісты з «Нашай нівы» спрабавалі трэціраваць Янку Купалу, Якуба Коласа і другіх паэтаў-рэалістаў. Ларчанка.

[Ад фр. traiter — абыходзіцца.]

трэць, ‑і; Р мн. трацей; ж.

Адна з трох роўных частак, на якія дзеліцца што‑н. Трэць года. □ Пад Рагачовам у .. палку [Аляксея] заставалася не больш трэці байцоў і каля дзесятка танкаў. Мележ. Недзе на першай трэці дарогі шаша прападае, і аўтобусік ужо бяжыць, куляецца па прасёлкавых дарогах. Ракітны.

трэця... (гл. трэце...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «трэце...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: трэцясортны, трэцякласны.

трэцякла́снік, ‑а, м.

Вучань трэцяга класа.

трэцякла́сніца, ‑ы, ж.

Жан. да трэцякласнік.

трэцякла́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да памяшканняў, месц трэцяга класа на транспарце. Трэцякласная станцыя. Трэцякласны вагон.

2. Разм. Невысокай якасці, малазначны, пасрэдны. Трэцякласны мастак.