Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ганьбава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ганьбаваць.

ганьбава́цца, ‑буецца; незак.

Зал. да ганьбаваць.

ганьбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак.

1. каго-што. Даваць ганьбу, знаходзіць заганы, недахопы.

2. кім-чым. Грэбаваць, пагарджаць. Не ганьбуй старым ботам, пакуль новага не пашыў. Прыказка.

га́ньбіцца, ‑біцца; незак.

Зал. да ганьбіць.

га́ньбіць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; незак., каго-што.

1. Зневажаць чыю‑н. годнасць; асуджаць, няславіць. — Няма чаго іншых ганьбіць, лепш гляньце на сябе, — адрэзала .. [Зіна]. Грамовіч. Завошта ж ганьбіць тых людзей, якія адбіваюць націск класавага ворага? Чорны.

2. Быць ганьбай для каго‑, чаго‑н.; няславіць сваімі паводзінамі, учынкамі. Праца нікога не ганьбіць.

ганя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Праследуючы, бегаць за кім‑, чым‑н., каб дагнаць, злавіць. [Лабановічу] было лёгка, проста хацелася бегчы, ганяцца за гэтымі белымі пушынкамі, нібы яны былі жывымі, або ён сам быў яшчэ дзіця. Колас. // Высочваць месцапрабыванне каго‑н., каб затрымаць, схапіць. Самадзяржаўна-памешчыцкая ўлада пры жыцці Каліноўскага многа гадоў праследавала яго, занялася за ім па пятах. Лушчыцкі.

2. за кім-чым. Разм. Імкнуцца да чаго‑н., дамагацца каго‑, чаго‑н. Не прывык я за славай ганяцца — Можна хораша жыць без яе: У мяне ёсць цікавая праца, Ад якой не магу адарвацца, — І таму маё сэрца пяе. Непачаловіч.

3. Зал. да ганяць (у 1, 2 і 3 знач.).

ганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Прымушаць рухацца, перамяшчацца шматразова або ў розных напрамках (звычайна пра жывёлу). Ганяць коней у прыводзе. □ У гэтым месцы Нёман мелкі і шырокі. І ездзяць, і ходзяць, і жывёлу ганяюць уброд. Колас. Па гэтым гасцінцы панскія паліцыянты ганялі скаваную моладзь — барацьбітоў за свабоду народа. Брыль.

2. Перакідваць, перакочваць з месца на месца. Па двары ганяць кола аказалася нязручна, яно падскоквала на няроўным бруку і трапляла ў ямкі. Самуйлёнак. Вецер ганяў па вуліцах ашмоцце абпаленай па краях паперы. Савіцкі. // Суправаджаць, вадзіць што‑н., правячы, накіроўваючы. Яшчэ падпаскам бацькаўскі парог Янук пакінуў. У паноў служыў, Рыбачыў, Нёманам ганяў плыты. Танк.

3. Разм. Вадзіць (аўтамашыну, поезд і пад.) на вялікай хуткасці; увогуле вадзіць машыну, ездзіць на машыне. Хлапчукі ганялі па .. [асфальце] траскучыя самаробныя самакаты. «Звязда». Цэлы дзень .. [Анатоль] завіхаўся на будоўлі, кіраваў брыгадай.., ганяў у раён прычэпы па цэглу і шыфер. Шашкоў.

4. Разм. Даваць частыя даручэнні, пасылаць куды‑н. пад прымусам. Стары ляснічы .. Цаніў Міхала, як служаку: Ганяў усюды небараку, Як бы скаціну тую нему. Колас.

5. Праследаваць звера, ісці па яго слядах. Сабака добра ганяе зайцаў. □ [Кастусь] ганяў па лесе вавёрак, спорваў птушыныя гнёзды. Ваданосаў.

6. Прымушаць пакінуць якое‑н. месца; выганяць, праганяць. Ганяць з месца на месца. □ Сёння ёсць вестак у птушак нямала, Спаць вецер не даў ім, ганяў іх з-пад стрэх. Танк.

7. перан.; па чым. Разм. Задаваць многа пытанняў па розных раздзелах вучэбнай праграмы. На другі дзень Багаяўленскі выклікаў Кастуся і пачаў ганяць па граматыцы. С. Александровіч.

8. звычайна без дап. (у злучэнні са словамі «у поле», «на пасьбу» і пад.). Быць пастухом. Цэлае лета ганяў у поле.

9. безас. Разм. Быць, знаходзіцца дзе‑н. Дзе цябе ганяла?

10. Разм. Акучваць, абганяць (прапашныя культуры). Ганяць бульбу.

•••

Сабак ганяць — гультаяваць, лодарнічаць.

Толькі ваўкоў ганяць; хоць ваўкоў ганяй — пра вялікае пустое або халоднае памяшканне. Ім адным, старым, хоць ваўкоў ганяй — зусім пустая без дзіцяці хата. Васілевіч. Сцены былі яшчэ не патынкаваны.., і, як казала мачаха, зімой у хаце было — хоць ваўкоў ганяй. Сабаленка.

гапа́к, ‑а, м.

Украінскі народны танец, а таксама музыка да гэтага танца. Танцаваць гапака.

гаплі́к, ‑а, м.

Абл. Аплік. Трафімыч расшпіліў гаплікі шыняля і з кішэні на грудзях выняў трыкутнічак замусоленага пісьма. «Беларусь».

гар, ‑у, м.

1. Едкі пах ад няпоўнага згарання чаго‑н. Праз шчыліны ў акне цягне гарам: у агародзе маці паліць смецце і сухі бульбоўнік. Пташнікаў.

2. Рэшткі ад згарання якога‑н. рэчыва; нагар. На каменне падаў чорны гар. Вядомы Настачцы свет канчаўся і тлеў. Чорны.

3. Выпаленае месца ў лесе; пажарышча. Так і стаяць у мяне перад вачамі тая далёкая Палеская зямля, шырокія лясныя гары з абвугленымі стваламі і адзінокае.. печышча сярод кучы попелу. Хомчанка.

4. Адходы, рэшткі перагарэлага каменнага вугалю, якія скарыстоўваюцца пры будаўніцтве дарог і інш.

•••

Гары яно гарам; хай яно гарам гарыць гл. гарэць.