во́чка, ‑а; Р мн. ‑чак; н.
1. Памянш.-ласк. да вока (у 1 знач.); маленькае вока. Малыя шэранькія вочкі... Глядзяць з-пад броў зусім панура. Колас.
2. Невялікая (звычайна круглая) адтуліна ў якім‑н. прадмеце. Вочкі гузіка. Дзвярное вочка. □ Два чорныя вочкі дзедавай стрэльбы пільна сачылі за кожным рухам Каралька. Паслядовіч.
3. Круглы, яркі прадмет на фоне чаго‑н. З травы выглядалі.. чырвоныя вочкі суніц. Уперадзе запалілася зялёнае вочка светафора.
4. Пупышка, зрэзаная з дрэва для прышчэпкі. І прышчапіў ёй пад кару Цудоўных пару вочак. Лужанін. // Зародкі парасткаў на клубнях бульбы. Кожны клубень разрэзалі на дзве-тры часткі. Было б вочка, то прарасце. Паўлаў.
5. Значок на ігральнай карце.
6. Пятля ў вязанні. Спусціць вочка. □ [Андрэй] глядзеў, як спрытна варушацца.. пальцы [нянькі], накідваючы адно вочка за другім на пруток, і як лоўка мяняюцца адзін за другім пруткі. Васілевіч.
•••
Строіць вочкі каму гл. строіць.
во́чнік, ‑а, м.
Разм. Тое, што і акуліст.
во́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вока (у 1 знач.). Вочнае яблыка. Вочныя хваробы.
•••
Вочнае навучанне гл. навучанне.
Вочная стаўка гл. стаўка.
вош, ‑ы, ж.
Дробнае насякомае, якое паразітуе на целе чалавека і жывёл.
•••
Карміць вошай гл. карміць.
во́шчаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад вашчыць.
2. у знач. прым. Нацёрты або насычаны воскам. Вошчаная нітка.
вуа́левы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены, сшыты з вуалі (у 1 знач.).
вуалі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.
Наўмысна рабіць што‑н. не зусім ясным, выразным.
вуа́ль, ‑і, ж.
1. Лёгкая празрыстая тканіна.
2. Кавалак такой тканіны або сеткі на жаночых капелюшах. У пакоі сядзела Цыля.. На галаве зграбны капялюшык і густая чорная вуаль. Асіпенка.
3. Спец. Налёт на негатыве, які зніжае кантрастнасць фотаздымка.
[Фр. voile.]
ву́гал, ‑гла, м.
1. Месца, дзе сутыкаюцца два бакі аднаго прадмета; рог. Вугал стала, дома. □ Хлопец сядзіць на прызбе Максімавай хаты, каля вугла, сочыць за паплаўком і час ад часу азіраецца. Брыль. // Рог на перакрыжаванні дзвюх вуліц. Шырокі двор на вуглу.. вуліцы ажывае. Чорны.
2. Тое, што і кут (у 1 знач.). У вуглу ад вуліцы стаяў меншы столік, на якім у беспарадку валяліся.. цацкі. Даніленка.
3. Тое, што і кут (у 3 знач.); прытулак. Вось хата, цёплы родны вугал, А на стале пахучы хлеб. Хведаровіч.
4. Спец. Частка плоскасці паміж дзвюма прамымі лініямі, якія выходзяць з аднаго пункта. Прамы, востры, тупы вугал. Вяршыня вугла.
•••
Нямецкі вугал — гладкі, без выступаў вугал (хаты). Калісьці.. [хата] мела даволі самавіты выгляд: складзена на нямецкі вугал, чатыры акны з аканіцамі. С. Александровіч.
Згладзіць вострыя вуглы гл. згладзіць.
З-за вугла (напасці, ударыць і пад.) — спадцішка, без папярэджання, вераломна.