Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

блага́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. благаць.

благаро́ддзе, ‑я, н.

У дарэвалюцыйнай Расіі — тытулаванне, наданае афіцэрам да штабс-капітана і роўным па чыне цывільным чыноўнікам (ужывалася з займеннікамі «ваша», «яго», «іх»). Мікіта сядзеў і думаў пра дом. У гэты час да яго прыйшоў веставы ад ротнага .. — Іх благароддзе загадалі зараз жа прыйсці. Галавач.

благаславе́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. благаслаўляць — благаславіць (у 1 знач.).

2. Разм. Ухваленне чаго‑н.; згода на што‑н. Так было да часу, пакуль не парадзела ў хлявах, пакуль не дала свайго благаславення маці на аддзел Платона. Ракітны.

3. Падзяка, хвала. Благаславенне табе і ўся душа табе, мясціна, дзе радзіўся і вырас чалавек! Чорны.

благаславе́нны, ‑ая, ‑ае.

Варты благаславення (у 3 знач.), падзякі, хвалы. Зноў прыйшоў благаславенны час. Гальвасы навечна выехалі адсюль. Чорны. [Марыя:] — Благаславенныя пад небам І матчын хлеб, і родны дом! Аўрамчык. // Высок. Шчаслівы, багаты. [Гогіберыдзе:] — Сям’я мая ціха і мірна жыве ў благаславеннай Кахетыі. Самуйлёнак.

благаславёны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад благаславіць.

2. у знач. прым. Тое, што і благаславенны. «Мая краіна! Ці ж гэта ты, такая доўгачаканая, благаславёная?» Пестрак. Па хлеб мы ездзім за край свету, у благаславёны Алатау. Васілёнак.

благаславі́ць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць; зак., каго-што.

1. Перахрысціць каго‑н. са словамі малітвы, з пажаданнем удачы, шчасця. [Янка Андрэю:] — Валяй, браце. Абедзвюма рукамі благаслаўляю цябе ў дарогу. Няхай будзе яна насыпана жоўценькім пясочкам! Колас. Добрай матчынай рукою Благаславі на трудны шлях. Глебка.

2. Ухваліўшы, накіраваць на што‑н. Калі ж, палаючы ў агні, мяне Радзіма Пазвала ў паход у грозны час, — На подзвігі яна благаславіла І матчын аддала мне свой наказ. Русак. // Ухваліць, даць згоду на што‑н. — Давайце, хлопцы, пачынайце, — благаславіў Варанецкі. Дуброўскі. Але выбіраць не прыходзілася, і Панасюк, які вярнуўся ад шаўца з добрымі весткамі, благаславіў гэты сумесны твор у друк. Навуменка.

благаслаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да благаславіць.

блага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Маліць, прасіць, умольваць. Благаюць людзі: — Дай нам рады, Вяль, Ратуй, пагібель нас чакае!.. Зарыцкі. Глядзела [маці] на Хадоську вачамі, поўнымі болю і слёз, божкала, жахалася, благала. Мележ.

благачы́нны, ‑ага, м.

Служыцель культу, што кіруе цэрквамі некалькіх парафіі. Не простым на[ва]т, а благачынным папом ён [Красноўскі] стаў амаль праз месяц. Машара.

благе́нькі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Памянш.-зніж. да благі (у 1, 4 знач.). У бацькі была добрая паляўнічая стрэльба, а ў дзядзькі Антося зусім благенькая. Лужанін. Пасля хваробы Ніна яшчэ ўсё бледная, благенькая. Брыль.