воўнапрадзі́льня, ‑і, ж.
Прадпрыемства або частка яго, дзе прадзецца воўна.
воўначаса́льны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для часання воўны. Воўначасальная машына.
во́ўчы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да ваўка, належыць ваўку. Воўчыя зубы. Воўчае логава. // Уласцівы ваўку. Воўчая хітрасць. Воўчая хада. // Зроблены са скуры ваўка. Воўчае футра.
2. перан. Звярыны, чалавеканенавісніцкі. Воўчыя законы. Воўчая мараль.
•••
Воўчае мяса гл. мяса.
Воўчы апетыт гл. апетыт.
Воўчы білет (пашпарт) гл. білет.
Воўчыя грыбы гл. грыб.
Воўчыя ягады гл. ягада.
Воўчая яма гл. яма.
Хадзіць у воўчай шкуры гл. хадзіць.
вох, выкл.
1. Выказвае здзіўленне, гора, боль, жаль, сполах і інш. пачуцці. [Шэмет:] — Пара цяпер якраз такая... Адышоўшы кіламетраў са два ад горада ўверх — вох і рыбы. Лобан. [Марка Парэмская:] — Даўненька ляжыць [Павел] за далёкім Дунаем... Вох, чаго ён не нарабіў, гітлеруга пракляты!.. Ракітны.
2. у знач. наз. во́хі, ‑аў. Вохканне, нараканне. Таму зразумелы тыя вохі і ахі, якія апанавалі дзеда, калі ён не далічыўся краса[ла]. Лынькоў.
во́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Тое, што і вохкаць.
во́хканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. вохкаць.
во́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Усклікваць «вох», глыбока ўздыхаць, выказваючы пачуццё прыкрасці, непрыемнасці, жалю, болю і пад. Халуста пачаў бегаць па млыне, хапацца рукамі за галаву, вохкаць, айкаць, стагнаць, стукаць кулакамі ў грудзі. Чарнышэвіч. // Адзывацца гукамі, падобнымі на вохканне. Дзесь далёка-далёка вохкала зямля. Колас. Усю зіму вохкаў лес. Кіпела ў ім жыццё. Бядуля.
во́хкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і волкі. Вохкія сцежкі. Вохкая коўдра.
во́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да вохкаць.
во́хра, ‑ы, ж.
Прыродная мінеральная фарба жоўтага або чырвонага колеру. Футра ў ката было вельмі прыгожае. Дымчата-рыжае, трохі ў бруднаватую вохру. Караткевіч.
[Грэч. ōchros — бледна-жоўты.]