вяха́, ‑і; мн. вехі, вех; ж.
1. Шост, тычка, звычайна з пучком травы або галінак на канцы для абазначэння мяжы, напрамку, руху. Ставіць вехі. □ Міна Міхайлавіч.. паказаў рукою наперад.., дзе вехі на бярозавых жардзінах абазначалі рэчышча канала. Краўчанка.
2. перан. Асноўны, важны этап у развіцці чаго‑н. Асноўныя вехі творчасці пісьменніка. Гістарычных вехі.
вяхо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Мачалка. Намыліць вяхотку.
2. Абрэзкі тканіны, рыззё. Стасеў бацька.. важна хадзіў ля трактара, выціраў перапэцканыя рукі вяхоткай. Асіпенка.
вяці́сты, ‑ая, ‑ае.
З вялікай колькасцю вецця. Вяцістая бяроза.
вя́цічы, ‑аў.
Старажытнае ўсходнеславянскае племя, якое ўвайшло ў склад рускай народнасці.
вячо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
Разм. Вячэрняя газета. Рыгор купіў свежую.. вячорку. Гартны.
вячо́ркі, ‑рак; адз. няма.
Зборы вясковай моладзі зімовымі або асеннімі вечарамі для сумеснай работы; забавы. Сходзіліся на вячоркі дзяўчаты з прасніцамі і калаўроткамі, а да іх далучаліся хлопцы. Колас. Сялом вясновым гарманіст Ідзе к дзяўчатам на вячоркі. Хадыка.
вячо́рніца, ‑ы, ж.
Шматгадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных.
вячы́сты, ‑ая, ‑ае.
Паэт. Векавечны; векавы. Як адзінокія вартавыя, стаялі вячыстыя дубы. Хадкевіч. Дзе Вуса цалуецца з хвалямі Лошы, — Нёман вячысты выходзіць у свет. А. Александровіч.
вячэ́ра, ‑ы, ж.
Спажыванне ежы вечарам. Вячэра цягнулася ў гэты вечар доўга. Чорны. // Сама гэта ежа. Маці збірала на стол познюю вячэру. Кулакоўскі.