во́тум, ‑у, м.
Рашэнне, прынятае галасаваннем.
•••
Вотум давер’я (недавер’я) — рашэнне парламента, якое адабрае або не адабрае дзейнасць урада або асобных яго членаў.
Плюральны вотум — у заканадаўстве некаторых буржуазных краін — права выбаршчыка карыстацца некалькімі галасамі ў залежнасці ад маёмаснага, адукацыйнага і пад. цэнза.
[Лац. votum — жаданне.]
во́тчына, ‑ы, ж.
Зямельнае ўладанне, якое пераходзіла дзецям у спадчыну ад бацькоў на Русі ў 12–18 стст. Баярская вотчына. // перан. Пра якую‑н. галіну дзейнасці, дзе хто‑н. адчувае сябе поўнаўладным гаспадаром. Сцяпан Сцяпанавіч спрабаваў разабрацца, чаму ён спатыкнуўся. Не верыў у сілы і магчымасці Ніны? Лічыў навуку сваёй вотчынай? Шахавец.
во́тчынны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вотчыны. Вотчынныя землі.
во́ўк, ваўка́ і во́ўка; мн. ваўкі́, ‑о́ў; м.
Дзікая драпежная жывёліна сямейства сабачых. Колькі ваўка не кармі, ён усё роўна ў лес глядзіць. Прыказка. І ваўкі сыты і авечкі цэлы. Прымаўка.
•••
Біты воўк — пра бывалага, вопытнага чалавека.
Воўк у авечай шкуры — пра знешне лагоднага, рахманага, а на самой справе варожага, каварнага чалавека.
Воўк у лесе (за гарою) здох — пра чый‑н. дзіўны, нечаканы ўчынак.
Воўкам глядзець (пазіраць) гл. глядзець.
Лавіць бягучага воўка след гл. лавіць.
Марскі воўк — пра бывалага, вопытнага марака.
Хоць ваўкоў ганяй гл. ганяць.
Хоць воўк траву еш — пра раўнадушныя, абыякавыя адносіны да чаго‑н.
Хоць воўкам вый гл. выць.
во́ўна, ‑ы, ж.
1. Валасяное покрыва авечак.
2. Састрыжанае такое покрыва як матэрыял для вырабу сукна, валёнак і інш. Часаць воўну. □ На лаве стаяць тры прасніцы. Дзве з кудзеляю, а адна з воўнаю. Чорны.
воўнаапрацо́ўчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да апрацоўкі воўны. Воўнаапрацоўчая фабрыка.
воўнанарыхто́ўчы, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з нарыхтоўкай воўны. Воўнанарыхтоўчы пункт.
воўнапрадзі́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да прадзення воўны. Воўнапрадзільны цэх.