Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фальшкі́ль, ‑я, м.

Спец. Драўляны або металічны брус, прымацаваны пад кілем для засцярогі яго ад пашкоджання пры пасадцы на мель, на каменне, а таксама для надання судну большай устойлівасці.

[Ням. Falschkiel.]

фальшфе́ер, ‑а, м.

Спец. Папяровая гільза, напоўненая піратэхнічным саставам, які гарыць роўным яркім полымем і выкарыстоўваецца на судне для сігналізацыі або для асвятлення.

[Ням. Falschfeuer.]

фальшывамане́тчык, ‑а, м.

Той, хто робіць фальшывыя грошы. [У лагеры] бестэрмінова сядзелі гамбургскія бандыты, берлінскія фальшываманетчыкі. Карпюк.

фальшывамане́тчыца, ‑ы, ж.

Жан. да фальшываманетчык.

фальшы́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць фальшывага. [Лабановіч] адчувае фальшывасць свайго становішча, але хоча паспрачацца з суседкаю. Колас.

2. Тое, што і фальш (у 1, 2 знач.). Не даць Сябе самога выкрасці, У пахвальбе фальшывасць разгадаць. І. Калеснік.

фальшы́віць, ‑шыўлю, ‑шывіш, ‑шывіць; незак.

1. Паводзіць сябе фальшыва, няшчыра, крывадушнічаць. І яшчэ адно пачуццё нараджаецца са скупых запытанняў Васіля — гэта пагарда да кулака, які выкручваецца і фальшывіць. Кучар.

2. Утвараць фальшывыя гукі. Смешна адставіўшы руку са смычком, [Валерый] аднастайна цягнуў адну і тую ж ноту. «Аднак жа ён страшэнна фальшывіць», — здзівіўся юнак. Даніленка.

фальшы́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўводзіць у зман, мае ў сабе фальш. Фальшывая трывога. □ Сяляне адмаўляліся выконваць панскія павіннасці, заяўляючы, што царскі маніфест з’яўляецца фальшывым. Ларчанка. // Які з’яўляецца падробкай; несапраўдны. Фальшывы пашпарт. □ На фальшывым ваенным білеце была .. фотакартка [Філістовіча]. Паслядовіч. За гэты час здарылася гісторыя з фальшывым касавым ордэрам, пра што як-небудзь я раскажу асобна. Скрыган. Ззялі сапраўдныя і фальшывыя каштоўнасці. Самуйлёнак. Зусім зразумела, што лірычны герой .. [М. Танка] адмаўляе ўсё фальшывае, падробленае пад сапраўднае. Гіст. бел. сав. літ.

2. Які не адпавядае ісціне, праўдзе. [Лічбы] сведчылі аб тым, што «Чырвонаму бору» створана фальшывая слава. Сабаленка. // Памылковы, няверны. Усё ўпала, рушылася; у фальшывай дарозе ішлі першыя маладыя гады. Чорны. // Не ўласцівы прыродзе рэчаў; ненатуральны. Знаходзіцца ў фальшывым становішчы.

3. Няшчыры, прытворны. [Міхась] сам добра ведаў, якія былі між імі [Мураўскім і Якімам] адносіны, і таму прыкра было слухаць гэты спознены фальшывы жаль, запраўлены хлуснёй. Машара. Апошняя сцэна.. [Людзе] ніяк не ўдавалася. Фальшывыя пакуты, пафас і — ніякага пачуцця. Шамякін. Сябар з фальшываю ласкаю — Камень трымае за пазухай. Дзяргай. // Які характарызуецца такімі паводзінамі (пра чалавека). Фальшывых людзей, буржуазныя перажыткі пісьменнік высмейваў з пазіцый савецкай маралі. Казека. // Які выказвае няшчырасць, крывадушша, прытворства. Сёмка састроіў фальшывую міну, ухмыльнуўся і схлусіў. Гартны. — Ды... — скончыў.. [дакладчык] сваё выступленне тэатральна фальшывым тонам. Карпюк.

4. Які скажаецца пры вакальным, музычным выкананні (пра мелодыю і пад.). Бравурны марш месцамі быў фальшывы. Бядуля.

фальшы́ўка, ‑і, ДМ ‑шыўцы; Р мн. ‑шывак; ж.

Разм. Фальшывы, падложны дакумент. Я кінуў вокам на назву аднаго артыкула, другога, і мне ўсё стала зразумела. Гэта не савецкая газета, а лыкам шытая нямецкая фальшыўка! С. Александровіч.

фамі́лія, ‑і, ж.

1. Род, шэраг пакаленняў, якія маюць аднаго продка. Старасвецкі панскі палац, старое гняздо радавітай польскай фаміліі, утуліўшы ў полаг цемры сваю вежу, панура вырысоўваецца на фоне цёмнага неба. Колас.

2. Уст. Сям’я, члены сям’і. Жыла пад гэту пару ў Сіўцы адна досыць цікавая фамілія. Зарэцкі. — І вось я пытаюся ў вас, — у голасе [Гелены] была відавочная пагроза, — ці сапраўды вы вырашылі назаўсёды парваць усе сувязі з гэтай фаміліяй. Караткевіч.

3. У Старажытным Рыме — сям’я разам з рабамі і кліентамі (у 1 знач.).

[Лац. familia.]

фамі́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фаміліі (у 1 знач.). Фамільны герб. □ Стаялі пышныя мармуровыя фамільныя скляпы. С. Александровіч. Размяшчаўся фамільны дом Міцкевічаў сярод шчыльнай гарадской забудовы. «Помнікі».

2. Які пераходзіць з роду ў род. [Гальвас:] Я не маю з чаго і дня пражыць. Праўда, ёсць фамільнае золата, але яго.. мала. Чорны. // Які належыць фаміліі (у 1 знач.), характэрны для яе. Фамільныя партрэты.