Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фуфа́ечны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фуфайкі. Фуфаечны матэрыял.

фуфа́йка, ‑і, ДМ ‑файцы; Р мн. ‑фаек; ж.

1. Цёплая вязаная кашуля. — У паласатай матроскай фуфайцы, — шаптаў чыноўнік. — ..Прозвішча Курыдзе... Самуйлёнак.

2. Куртка, падшытая ватай; ватоўка. [Ірка] скручвала з ваты, якую скубла са старой матчынай фуфайкі, кнот, падпальвала яго. Пташнікаў.

фуэтэ́, нескл., н.

Фігура класічнага жаночага танца, якая складаецца з паварота на пальцах адной нагі пры адначасовым кругавым руху ў паветры другой нагі.

[Фр. fouetté ад fouetter — пляскаць.]

фынь, ‑я, м.

Дробная разменная манета Кітайскай Народнай Рэспублікі, роўная 1/100 юаня.

фы́рканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. фыркаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Цішыню парушалі сваім хрумстаннем і фырканнем абозныя коні. Машара.

фы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. З шумам выпускаць паветра з ноздраў. Коні скубуць дзяцеліну, гучна і часта фыркаюць. Сачанка. Сынок — каржакаваты, шыракаплечы дзяцюк, смачна мыўся, фыркаў у кутку над шырокім тазам, а старая ставіла на стол. Няхай. Спачатку зубры абменьваліся грознымі позіркамі, хадзілі адзін вакол аднаго схіліўшы магутныя цяжкія галовы, і толькі сярдзіта фыркалі. В. Вольскі. // Разм. Смеючыся, утвараць гукі носам, губамі. Дзяўчаты нашы непрыкметна пераглядаюцца, Вольга фыркае ў кулак. Васілевіч.

2. Перарывіста, з шумам выпускаць пару, газ, паветра. [Машына] фыркала, пускала сінія клубы дыму і коўзалася на месцы. Новікаў. // Утвараць гук, падобны гуку паветра, што выпускаецца з шумам. Вада спрабуе дужацца з марозам, То фыркае, то пеніцца ў вірах. Свірка. За пераборкай.. чмялямі гулі электрычныя машынкі і нездаволена фыркалі пульверызатары. Корбан.

3. перан. Разм. Злавацца, выказваць нездаволенасць чым‑н. Ася, злосна фыркнуўшы, адрэзала: — А я ўсё роўна паеду. [Сакратар:] — Ты вось не фыркай, а бяжы ў банк. Асіпенка. [Зіна:] А калі будзеш фыркаць, то падумаем яшчэ, ці захочацца нам жыць з табой у адным пакоі. Губарэвіч.

фы́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да фыркаць.

2. Разм. Сказаць што‑н. злосна, нездаволена. Ала пакрыўджана фыркнула: — Зазнайка! Шамякін.

3. Узляцець з шумам; пырхнуць. З рабіны фыркнулі вераб’і, пераляцелі на хлеў і са страхі цікавалі на людзей, выцягваючы галовы. Пташнікаў.

фырча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

Разм. Тое, што і фыркаць (у 2 знач.). «Казёл» фырчаў, падскакваў. У ветравое шкло, што спераду, стукалі чорныя жукі. Пташнікаў. Бабка сядзіць на лаўцы і ціха фырчыць верацяном. Каліна.

фэ, выкл.

Ужываецца для выражэння агіды да чаго‑н. непрыемнага, брыдкага.

фэст, ‑у, М ‑сце, м.

Царкоўнае прастольнае свята (часцей каталіцкае). Увесну, у дзень Ефрасінні — заснавальніцы манастыра.. наладжваўся квяцісты і шумлівы фэст, на які прыязджаў народ з шырокага наваколля. Хадкевіч. // Наогул свята з кірмашамі і пагулянкамі. Яны [дочкі] думаюць, што тут па-ранейшаму спраўляюць старыя фэсты, і пераходзяць па чарзе з хаты ў хату сваёй шматлікай радні. Ракітны. // Разм. Якое‑н. мерапрыемства пад гэтай назвай. — Мы свой «фэст» наладзім, — казаў Сцёпка, бо моладзь згаварылася пусціць канал якраз у гэты дзень, калі збярэцца народ каля «святога калодзежа». Колас.