фыркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. З шумам выпускаць паветра з ноздраў. Коні скубуць дзяцеліну, гучна і часта фыркаюць. Сачанка. Сынок — каржакаваты, шыракаплечы дзяцюк, смачна мыўся, фыркаў у кутку над шырокім тазам, а старая ставіла на стол. Няхай. Спачатку зубры абменьваліся грознымі позіркамі, хадзілі адзін вакол аднаго схіліўшы магутныя цяжкія галовы, і толькі сярдзіта фыркалі. В. Вольскі. // Разм. Смеючыся, утвараць гукі носам, губамі. Дзяўчаты нашы непрыкметна пераглядаюцца, Вольга фыркае ў кулак. Васілевіч.

2. Перарывіста, з шумам выпускаць пару, газ, паветра. [Машына] фыркала, пускала сінія клубы дыму і коўзалася на месцы. Новікаў. // Утвараць гук, падобны гуку паветра, што выпускаецца з шумам. Вада спрабуе дужацца з марозам, То фыркае, то пеніцца ў вірах. Свірка. За пераборкай.. чмялямі гулі электрычныя машынкі і нездаволена фыркалі пульверызатары. Корбан.

3. перан. Разм. Злавацца, выказваць нездаволенасць чым‑н. Ася, злосна фыркнуўшы, адрэзала: — А я ўсё роўна паеду. [Сакратар:] — Ты вось не фыркай, а бяжы ў банк. Асіпенка. [Зіна:] А калі будзеш фыркаць, то падумаем яшчэ, ці захочацца нам жыць з табой у адным пакоі. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)