во́кладка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Покрыўка кнігі, сшытка і пад. Вокладка з кардону. Каленкоравая вокладка. Кніга без вокладкі.
во́клік, ‑у, м.
Выгук; словы, якімі аклікаюць. Радасны воклік. □ З-пад рэчкі Пагулянкі данесліся няясныя воклікі, і Анежка здагадалася, што там сягоння працуе моладзь. Броўка.
во́кліч, ‑у, м.
1. Слова ці выгук, вымаўленыя з моцным пачуццём, хваляваннем. Чуюцца радасныя воклічы дзяцей, узаемныя прывітанні, абмен навінамі. В. Вольскі. Чуўся грозны вокліч: — Стой! Назад! Лынькоў.
2. Тое, што і воклік. [Алесь] бягом кінуўся да воза, але ў гэты момант пачуў ціхі і трывожны вокліч: — Алесь! Чарнышэвіч.
во́кнішча, ‑а, н.
Разм. Тое, што і акно (у 2 знач.).
во́крык, ‑у, м.
Рэзкі гучны вокліч з загадам, папярэджаннем, пагрозай каму‑н. Дзядзька Марцін спыніў Юзіка.. сярдзітым вокрыкам: — Што ты хвошчаш пугаю карову? Колас.
вол, вала, м.
Кастрыраваны самец буйной рагатай жывёлы. Запрэглі мы дзве пары валоў — паехалі. Якімовіч.
•••
Вол пад’ярэмны — пра таго, хто многа і цяжка працуе.
З блыхі вала рабіць гл. рабіць.
Ні вала ні кала (няма) у каго — пра вялікую беднасць каго‑н.
Працаваць (рабіць), як чорны вол — рабіць не пакладаючы рук.
(Прыйшоўся) як вол да карэты — пра каго‑н., хто аказаўся недарэчным у нейкіх абставінах.
во́лава, ‑а, н.
Хімічны элемент, мяккі коўкі метал серабрыста-белага колеру.
во́лак, ‑у, м.
1. Шлях на водападзеле, па якім у даўнія часы перацягвалі волакам лодкі з грузам з адной рачной сістэмы ў другую.
2. Сетка ў выглядзе мяшка з прымацаванымі да яе двума шастамі.
во́лакам, прысл.
Цягнучы, валочачы па зямлі. — Пакурым, — яшчэ ўсё спакойна вырашыў Максім, — а потым усцягнем свой карабель на гэтыя клавішы. Па спосабу продкаў — волакам. Брыль.