Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

та́ксавы, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з устанаўленнем таксы ​1. Таксавая камісія. // Устаноўлены па таксе ​1. Таксавая цана.

такса́ма, прысл. і часціца.

1. прысл. Такім самым, падобным чынам, гэтак жа. [Люда:] — Я напішу, Сяргей Рыгоравіч, абавязкова напішу. — А потым сказала, таксама проста і нечакана: — Вы такі добры, разумны. Брыль. [Пытляваны:] Ураджай сёлета быў, як даўней казалі, дай божа кожнаму добраму. У бралі ў пару, змалацілі — таксама з дзяржавай разлічыліся поўнасцю. Крапіва. // У такой жа меры, ступені. [Карага:] — Ясна, што гэта дазорцы, і таксама ясна, што — дазорцы дзянікінскія. Колас.

2. часціца. Ужываецца пры пераходзе да наступнай тэмы гутаркі. [Бунтаўшчыкі:] — Глядзіце, зямлі ў вас [мужыкоў] — курыцы ступіць, а пад бокам тысячы дзесяцін у паноў Камянецкіх .. Таксама і з лесам: у вас хаты рушацца, а ў паноў Камянецкіх — сотні дзесяцін страявога лесу. Гартны.

3. часціца. Разм. Ужываецца пры выказванні нязгоды з чым‑н., неадабрэння якіх‑н. учынкаў. — Куды лезеш, пастой!.. — запярэчыў Міхась. — Таксама мне культура называецца, — быў загадчыкам клуба! Брыль. // у знач. далучальнага злучн. Далучае сказы, якія супадаюць па сваёй структуры або з’яўляюцца вельмі блізкімі ў якіх‑н. іншых адносінах з папярэднім выказваннем. Па ціхіх стрыманых галасах, што адразу пажвавелі, Ніна Лагуновіч адчувала, як палягчэла на душы ў людзей .. Ніна таксама паспакайнела. Мележ. Да самага верху шафа была напакавана дабром. Унізе — цэлая гара абутку, на палічцы — футры .. Шуфляды таксама былі поўныя. Паўлаў.

таксамато́р, ‑а, м.

Тое, што і таксі.

таксамато́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да таксаматора; звязаны з вырабам і выкарыстоўваннем таксаматораў. Таксаматорны парк, дзе Савелій загадваў майстэрняй, знаходзіўся няблізка. Шамякін.

таксанамі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да таксаноміі. Таксанамічныя катэгорыі.

таксано́мія, ‑і, ж.

Тэорыя класіфікацыі і сістэматызацыі складанаарганізаваных галін рэчаіснасці, якія маюць іерархічную будову (арганічны свет, аб’екты геаграфіі, геалогіі, мовазнаўства і пад.).

[Грэч. táxis — лад, парадак і nómos — закон.]

таксапа́рк, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Месца рамонту і стаянкі таксі. Я .. здагадаўся, што недзе тут блізка таксапарк і што машыны, мусіць, ідуць на перазменку. М. Стральцоў. // Прадпрыемства, якое займаецца перавозкай пасажыраў на таксі. Працаваць у таксапарку.

2. ‑у. Сукупнасць таксі. Абнаўленне таксапарку.

такса́тар, ‑а, м.

Спецыяліст па таксацыі. Прыслалі іх з тэхнікума, дзяўчатак яшчэ зусім, памочнікамі таксатара. Пташнікаў.

таксафо́н, ‑а, м.

Тэлефон-аўтамат, які працуе пасля апускання манеты пэўнай вартасці.

таксацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да таксацыі; прызначаны для таксацыі. Таксацыйныя расцэнкі.