такса́ма, прысл. і часціца.

1. прысл. Такім самым, падобным чынам, гэтак жа. [Люда:] — Я напішу, Сяргей Рыгоравіч, абавязкова напішу. — А потым сказала, таксама проста і нечакана: — Вы такі добры, разумны. Брыль. [Пытляваны:] Ураджай сёлета быў, як даўней казалі, дай божа кожнаму добраму. У бралі ў пару, змалацілі — таксама з дзяржавай разлічыліся поўнасцю. Крапіва. // У такой жа меры, ступені. [Карага:] — Ясна, што гэта дазорцы, і таксама ясна, што — дазорцы дзянікінскія. Колас.

2. часціца. Ужываецца пры пераходзе да наступнай тэмы гутаркі. [Бунтаўшчыкі:] — Глядзіце, зямлі ў вас [мужыкоў] — курыцы ступіць, а пад бокам тысячы дзесяцін у паноў Камянецкіх .. Таксама і з лесам: у вас хаты рушацца, а ў паноў Камянецкіх — сотні дзесяцін страявога лесу. Гартны.

3. часціца. Разм. Ужываецца пры выказванні нязгоды з чым‑н., неадабрэння якіх‑н. учынкаў. — Куды лезеш, пастой!.. — запярэчыў Міхась. — Таксама мне культура называецца, — быў загадчыкам клуба! Брыль. // у знач. далучальнага злучн. Далучае сказы, якія супадаюць па сваёй структуры або з’яўляюцца вельмі блізкімі ў якіх‑н. іншых адносінах з папярэднім выказваннем. Па ціхіх стрыманых галасах, што адразу пажвавелі, Ніна Лагуновіч адчувала, як палягчэла на душы ў людзей .. Ніна таксама паспакайнела. Мележ. Да самага верху шафа была напакавана дабром. Унізе — цэлая гара абутку, на палічцы — футры .. Шуфляды таксама былі поўныя. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)