Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

во́дкуп, ‑у, м.

У дарэвалюцыйнай Расіі — права па спагнанне дзяржаўных падаткаў, якое перадавалася казной прыватным асобам. Аддаць на водкуп. Заняцца водкупам.

во́дліў, ‑ліву, м.

Тое, што і адліў (у 3 знач.). Уваччу яшчэ стаялі высокія сцены,.. чорныя з жаўтаватым водлівам. Чорны.

во́дмель, ‑і, ж.

Мелкае месца каля берага. На пясчанай водмелі ляжалі перакуленыя лодкі. Гамолка.

во́днік, ‑а, м.

Разм. Той, хто працуе на водным транспарце.

во́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да вады; звязаны з вадой. Водны шлях, рэжым. Водная перашкода, энергія. □ [Андрэй:] — За ноч вада паднялася на чатыры метры, заліла ўсю Кашыцкую нізіну. І цяпер такі водны прастор, проста мора. Шамякін. Мінскае возера зрабілася цэнтрам воднага спорту ў горадзе. «Беларусь». // Які ўтрымлівае ў сабе ваду. Водны раствор.

•••

Воднае пола гл. пола.

во́дпаведзь, ‑і, ж.

Рэзкі адказ на беспадстаўнае абвінавачванне. Рэвалюцыйная дэмакраты давалі знішчальную водпаведзь пісакам з лагеру ахоўнікаў самадзяржаўна-прыгонніцкага ладу. Казека.

во́дпуск, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. адпускаць — адпусціць (у 1, 4 і 8 знач.).

2. Вызваленне ад працы на пэўны тэрмін для адпачынку, лячэння і пад. Узяць чарговы водпуск. Дэкрэтны водпуск. □ У сяле ўсім было вядома, што Антонаў водпуск канчаецца і цераз тыдзень ён едзе... Васілевіч.

во́друб 1, ‑а; мн. адрубы, ‑оў; м.

Участак зямлі, які атрымліваў селянін у асабістую ўласнасць пры выхадзе з абшчыны (у 1906–1916 гг.).

во́друб 2, ‑а, м.

Папярэчнае сячэнне дрэва, бервяна. Таўшчыня дрэва вымяраецца папярэчнікам у водрубе.

во́дсвет, ‑у, М ‑свеце, м.

Адбітак святла; водбліск. Ад водсвету бледнага полымя твар старога настаўніка здаваўся васковым. Шамякін. // Адліў. На матавым водсвеце медзі Насця прачытала маленькі надпіс. Лынькоў. // перан. Пашырэнне на каго‑, што‑н. чыіх‑н. уражанняў, пачуццяў, праяўленне іх. У апошнім з гэтых вершаў вельмі паэтычны пачатак, які кідае своеасаблівы водсвет на ўвесь твор. Бугаёў. [Буткевіч] убачыў у яе вачах водсвет таго захаплення, з якім яна [Гануся] заўсёды глядзела на яго. Караткевіч.

во́дступ, ‑у, м.

Свабоднае месца паміж лініяй шэрагу прадметаў і прадметам, які знаходзіцца на нейкай адлегласці ад гэтай лініі. Тэатры, клубы і палацы піянераў будуюцца з водступам ад лініі дамоў. «Полымя».