Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

віхры́цца, ‑рыцца; незак.

Узнімацца, кружыцца віхрам. Віхрыцца пясок. □ Сняжынкі ляцелі, кружыліся перад машынай, віхрыліся збоку. Шамякін.

віхры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. што. Узнімаць, кружыць што‑н. віхрам. Вецер ганяў па асфальце паперкі і віхрыў пыл. Карпаў.

2. Віхрыцца. З начной цемры адна за другой выплывалі вадзяныя горы, на вершалінах якіх.. віхрыла пена. Самуйлёнак.

віху́ра, ‑ы, ж.

1. Разм. Бура, завея, завіруха. Не ціхне бура, стогне лес... На ўсе лады віхура свішча!.. Чарот. Дарожкі і сцежкі занесла віхура, Не знаць, дзе балота, дзе лог, дзе папар. Купала. / у перан. ужыв. Гэй, вольная песня, імкніся, ляці ты На крыллях маланак, віхураў агністых. Танк.

2. Паэт. Імклівы віхравы рух. Скрыпач закончыў «Крыжачка». І ў лагерным прылеску Шуміць віхура гапака, Гучыць «Малдаванэску». Калачынскі.

віху́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да віхуры; падобны на віхуру. Віхурны зімовы вечар. Віхурны век.

віху́рысты, ‑ая, ‑ае.

Падобны на віхуру; бурны, хуткі. У гэты момант праз расчыненую фортку акна мы пачулі дзікі галчын лямант, віхурысты пошум мноства крылаў у паветры. Паслядовіч.

віху́рыцца, ‑рыцца; незак.

Тое, што і віхрыцца.

віху́рыць, ‑рыць; незак.

Тое, што і віхрыць.

віці́на, ‑ы, ж.

1. Прут, дубец.

2. зб. Скручаная лаза, якой вяжуць плыты. Бярвенне, звязанае наспех віцінай, паціху ад моста адносіць рака. Машара.

3. Уст. Крытае судна для перавозкі збожжа па рацэ. Хадзіў на сплаў ён [Міхал], на віціны. Разоў са два схадзіў у Прусы — Куды не трапяць беларусы? Колас.

віцмундзі́р, ‑а, м.

У дарэвалюцыйнай Расіі — форменны сурдут чыноўнікаў.

ві́цца, ую́ся, уе́шся, уе́цца; уёмся, уяце́ся, ую́цца і вію́ся, віе́шся, віе́цца; віёмся, віяце́ся, вію́цца; пр. ві́ўся, віла́ся, віло́ся; заг. ві́ся; незак.

1. Абвівацца вакол чаго‑н. Віецца фасоля з павіслымі стручкамі-лапаткамі. Гарэцкі. // Завівацца (пра валасы). У кожнага над левым вухам віўся чуб «па-казацку». Чорны.

2. Рабіць звілістыя рухі целам. Вуж уецца каля ног. // Мець звілісты напрамак. Плямістай жоўта-зялёнай змейкай уецца чыгунка сярод лясных гушчароў. Шынклер. Як ручай дарога ўецца. Зарыцкі. // перан. Круціцца, увівацца каля каго‑н. з якой‑н. мэтай. Віцца каля дзяўчыны.

3. Лётаючы, кружыцца. Каля твару назольна віліся камары. Мележ.

4. Уздымацца лёгкім струменьчыкам. З коміна віўся дымок. Якімовіч.

5. Развявацца (пра флаг, сцяг і пад.). Шум і гоман у сталіцы, Сцяг ля сцяга ўецца. Купала.

6. Зал. да віць.

•••

Віцца вужакай — падлізвацца, падлашчвацца да каго‑н.

Віцца роем — кружыцца, круціцца, чапляцца адно за другое (пра думкі).

Віцца ўюном — выкручвацца, хітрыць, падхалімнічаць.

У трубы віцца — вельмі добра расці (пра расліны).