чапуры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., каго-што.
Разм. Прыхарошваць, адмыслова прыбіраць.
чапяла́, ‑ы, ж.
1. Жалезны кручок з ручкай для падымання і пераносу скаварады. [Зося] спрытна выхапляе чапялою з печы скавараду. Крапіва.
2. перан. Зневаж. Пра высокага, няўклюднага чалавека. Дзе ж Кузьма? Куды падзеўся?.. Дзе ты, злыдзень касавокі? Хоць бы хто, як змёў віхор. Чапяла старая толькі Крадкам выпаўзла на двор. Броўка.
чапяльні́к, чапельніка, м.
Ручка ў чапяле. Курловіч стукнуў кашлем чапельніка аб падлогу, лоўка, як бы робячы з вінтоўкаю выпад к бою, сунуў чапялу ў печ. Дуброўскі.
ча́ра, ‑ы, ж.
Паэт. Пасудзіна для піцця віна. А пасля па чары «Цынандалі» Вып’ем за здароўе тых сяброў, Што сягоння ў далёкіх далях Б’юцца за Бабруйск і Магілёў. Панчанка. Хочацца сціснуць далоні, У поглядзе дружбу спаткаць, Поўныя накіпам, звонам Хмельныя чары падняць. Танк. / у вобразным ужыванні. Я з кожным днём раблюся больш цвярозым, хоць з большай смагай чару п’ю жыцця. Дубоўка.
чарава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. чараваць (у 1 знач.).
2. Дзеянне паводле дзеясл. чараваць (у 2 знач.). // Чароўная сіла чаго‑н.; зачараванне, замілаванне. Павольна цюкала сэрца, як бы адбіваючы подых сусвету, прыгожага да чаравання, вялікага да дзіва і магутнага да недасяжнасці... Гартны.
чарава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. З вялікім чэравам, жыватом. А ў калгасным табуне, сярод яго разнамаснага пагалоўя, і цяпер яшчэ многа чараватых, трошкі няскладных цягавічкоў — конікаў і кабыл. Ракітны. // толькі ж. Груб. Цяжарная. Вядро вады на табурэце і больш, здаецца, нічога. Поўная гармонія з абарванай чараватай дзеўкай. Чорны.
чарава́цца, ‑руецца; незак.
Зал. да чараваць.
чарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. Паводле забабонных уяўленняў — уздзейнічаць чарамі, магічнымі прыёмамі на людзей. Матруна ёй [шаптусе] цягала Адзенне, грошы, сала, — Амаль усё занесла, што было, А тая ўсё шаптала, чаравала. Корбан. // над чым і без дап. Разм. Займацца справай, незразумелай, таямнічай для акаляючых. Так і тупаў [Пракоп] па сваіх сотках ды прышчапляў-перапрышчапляў, чараваў, мудраваў сам-насам. Кавалёў. Саня мясіў цеста, узбіваў яечныя жаўткі, абсмажваў бульбяныя кубікі, чараваў над соусам, гатаваў «фірменны» салат з радыскі. Пінчук.
2. перан.; каго-што. Вабіць, захапляць; прыносіць асалоду. Глядзіш на іх [грыбы] — і сэрцу міла, Як бы з іх сходзіць нейка сіла, Цябе чаруе, захапляе, Па жылах радасць разлівае. Колас. На гары высокай, Воддаль ад прысад, Чаравалі вока І палац і сад. Бядуля.
чараві́кі, ‑аў; адз. чаравік, ‑а, м.
Невысокі, да шчыкалаткі і крыху вышэй, скураны абутак на шнурках. Моцна грукаючы чаравікамі па мёрзлай зямлі, ішла.. рота чырвонаармейцаў. Чорны. [Каця] прытупіла вочы і наском чаравіка разграбала крупчасты снег. Каваль.
чараві́чкі, ‑аў; адз. чаравічак, ‑чка, м.
Памянш. да чаравікі. З гары было бегчы лёгка, і здавалася, што ўвесь час яго ножкі ў чырвоных чаравічках астаюцца ззаду. Скрыган.