вашчы́на, ‑ы, ж.
Пустыя пчаліныя соты з воску. // Васковая пласцінка з выціснутым на ёй пачаткам ячэек, якая ўстаўляецца ў вулей і з’яўляецца асновай сотаў. Я з дзедам сядзеў на ўслоне за сталом і дапамагаў яму ўстаўляць вашчыны ў пчаліныя рамкі. М. Ткачоў.
вашчы́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вашчыны.
вашчы́цца, вошчыцца; незак.
Зал. да вашчыць.
вашчы́ць, вашчу, вошчыш, вошчыць; незак., што.
Тое, што і васкаваць. Вашчыць ніткі. Вашчыць паркет.
вашчэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. вашчыць.
вашы́вец, ‑шыўца, м.
Разм. груб. Той, хто завашывеў; неахайны, брудны.
вашы́вець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Станавіцца вашывым.
вашы́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Паражоны вошамі.
2. перан. Разм. груб. Ужываецца ў лаянкавых выразах. Чорт вашывы!
ваява́ць, ваюю, ваюеш, ваюе; незак.
1. Весці вайну супроць каго‑н. Ваяваць да перамогі. // Прымаць удзел у вайне. У імперыялістычную вайну Васіль Хамутоўскі ваяваў з Грыбоўскім у адной часці, жыў у адным акопе. Курто. Брэсцкая зямля ашаламіла разбэшчаных захопнікаў: ваявалі жывыя і мёртвыя, руіны стралялі ва ўпор. «Звязда».
2. перан.; з кім-чым. Змагацца, імкнуцца пераадолець што‑н.; дамагацца ажыццяўлення чаго‑н. З першых жа дзён Максіму прыйшлося ваяваць з сялянскаю кансерватыўнасцю, з неарганізаванасцю клінкоўскіх хлопцаў. Колас. Здалося, што машына пайшла трошкі лягчэй: некалькі кіламетраў можна праехаць, а там зноў прыйдзецца ваяваць са снегам. Кулакоўскі. Ваяваць за якасць работы з механізатарамі .. Ўладзіміру Верамейчыку давялося ўсё лета. Дуброўскі.
3. Разм. Сварыцца; варагаваць.