тратуа́р, ‑а, м.
Дарожка для пешаходаў (з дошак, каменных пліт, асфальту і пад.) па баках вуліцы, плошчы, звычайна вышэй праезджай часткі. Зося скокнула на зыбкія дошчачкі тратуара, перабегла вуліцу, сіганула праз веснічкі ў нечы сад. Хомчанка. Пасля работы камсамольцы абсталёўваюць танцавальную пляцоўку, а брыгада добраўпарадкавання асфальтуе тратуары і вуліцы, саджае маладзенькія ліпкі і клёны. Грахоўскі.
[Фр. trottoir.]
тратуа́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тратуара, размешчаны на тратуары. Тратуарныя пліты.
тратуа́рчык, ‑а, м.
Разм. Памянш.-ласк. да тратуар; вузкі тратуар. Так ішлі .. [Андрэй з бацькам] па драўлянаму тратуарчыку ў тры дошчачкі. Пестрак.
траты́л, ‑у, м.
Цвёрдае крышталічнае рэчыва жоўтага колеру з вялікай выбуховай сілай.
траты́лавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тратылу.
тра́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Памянш.-ласк. да трава; невысокая трава. У бабкі Евы, ой, няўпраўка: Замочыць дождж яе мурог, А ён зялёненькі, падсох — Ну, як кудзеля тая траўка. Колас.
траўле́нне 1, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. травіць 1.
траўле́нне 2, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. травіць 2.
тра́ўлены 1, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад травіць 1.
2. у знач. прым. Апрацаваны траўленнем або атрыманы ў выніку траўлення. Траўленае срэбра. Траўлены ўзор.
тра́ўлены 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад травіць 2.
тра́ўлер, ‑а, м.
Спецыяльнае судна для лоўлі рыбы тралам.
[Англ. trawler.]